Таццяна Мікалаеўна Марчык з цеплынёй успамінае гады настаўніцтва
Гэта была яшчэ раніца, калі толькі пачынае брацца дзень, калі сонца недзе далёка за палямі, але там, дзе яно будзе ўзыходзіць, ужо ружавее небакрай. Гэта была яе раніца – яшчэ зусім маладзенькай настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Мікалаеўны Марчык.
Таццяна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Пінкавічы. Маці – Елізавета Ніканораўна працавала ў мясцовай школе тэхнічкай, а бацька – Мікалай Сямёнавіч – загадчыкам гаспадаркі. Пасля сканчэння Пінкавіцкай дзесяцігодкі Таццяна паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна на факультэт пачатковага навучання. У 1976 годзе маладая настаўніца па размеркаванні трапіла ў вёску Востраў Ласіцкага сельсавета. Менавіта адсюль і пачаўся яе педагагічны шлях: светлы, але зусім нялёгкі. І нават цяпер, калі з таго першага ўрока прайшло столькі гадоў, яна памятае яго ў дэталях…
Калі зазвінеў званок на ўрок, маладая настаўніца сцішылася, прыслухалася да гэтага звону і раптам ўлавіла ў ім такія гукі, што аж плакаць захацелася: мелодыя на дзіва журботная, як і ранішні паўзмрок за акном… Калі яна зайшла ў клас, то адчула, як халодныя дрыжыкі прабеглі па спіне, шчыльней прыціснула да грудзей класны журнал і жадала толькі аднаго: каб не паказаць дзецям свайго страху…
– Добрай раніцы, дзеці! Мяне завуць Таццяна Мікалаеўна. Ну што, пачнем мой з вамі першы ў жыцці ўрок?..
Паступова настаўніцу ўсё мацней і мацней ахапіла ўладарная ўпэўненасць. І цяпер яна ўжо нічога не баялася, а толькі адчувала сябе сапраўды шчаслівай, бо разумела, што гэта тое, чым яна хоча займацца ўсё сваё жыццё. Школьнікі паступова супакоіліся, бо ў гэтай маладзенькай настаўніцы яны разгледзелі не толькі сур’ёзнага педагога, але і добрую і ласкавую жанчыну.
У Востраўскай васьмігодцы Таццяна Мікалаеўна працавала ўсяго толькі некалькі месяцаў (да дэкрэтнага водпуску). Гэты невялічкі кавалак часу застаўся ў памяці настаўніцы на ўсё жыццё.
Калі сыночку Аляксандру споўніўся год, Таццяна Мікалаеўна выйшла на працу ў Пінкавіцкую сярэднюю школу імя Я. Коласа. Першы час не хапала вучэбных часоў, таму Таццяна Мікалаеўна вяла ўрокі не толькі ў пачатковых класах, але і працавала лабарантам, вяла ў старэйшых класах урокі гісторыі і фізкультуры. 38 год плённай працы Таццяна Мікалаеўна прысвяціла гэтай школе, прычым апошнія 15 з іх была намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы.
За час працы ў школе Таццяна Мікалаеўна Марчык праявіла сябе як выдатны спецыяліст, энергічны і кампетэнтны арганізатар навучальнага працэсу, педагог з высокай адказнасцю за лёс дзяцей. Павага да дзіцячай асобы і яго годнасці, шчыры дыялог, веданне справы і культуры ўзаемаадносін – крэда настаўніцы Таццяны Марчык. Яе ўрокі заўсёды былі цікавымі і змястоўнымі, а кабінет, дзе навучаліся дзеткі, адрозніваўся яркімі ілюстрацыямі, мноствам дзіцячай, навуковай і мастацкай літаратуры.
За сваю працу ў 2000 годзе Таццяна Мікалаеўна была ўзнагароджана нагрудным знакам «Выдатнік народнай адукацыі», праз 10 год – Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Ганаровымі граматамі Брэсцкага аблвыканкама і іншымі.
Зараз Таццяна Мікалаеўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Яна з задавальненнем дапамагае ў вучобе сваім ўнучкам-двайнятам – Ганне і Анастасіі, якія, дарэчы кажучы, як і любімая бабуля, звязалі сваё жыццё з педагогікай. Дзяўчынкі з’яўляюцца студэнткамі другога курса Пінскага педагагічнага каледжа імя А.С. Пушкіна. Акрамя таго, Таццяна Мікалаеўна цяпер больш часу праводзіць са сваёй матуляй, якой нядаўна споўнілася 83 гады.
– Пакуль жыве мама, я адчуваю сябе дачкой, – з цеплынёй расказвае Таццяна Мікалаеўна. – Разам з матуляй на хатнім участку ў Пінкавічах мы вырошчваем кветкі, асабліва я люблю ружы.
Гляджу на Таццяну Мікалаеўну і думаю пра сябе: не, яна не такая, як усе… Дастаткова прыгледзецца да яе глыбокіх вачэй, каб зразумець гэта. А яшчэ ўсмешка… Колькі цяпла і дабрыні хаваецца ў куточках яе вуснаў, калі яна ласкава расказвае пра аднаго з былых сваіх вучняў.
– Але ж такі малайчынка!.. Яшчэ з першага класа было відаць, што ён шмат чаго даб’ецца ў сваім жыцці. Такі ён сур’ёзны і разумны, – успамінае настаўніца.
Так, шматлікія вучні Таццяны Марчык занялі дастойнае месца ў жыцці і занятыя ў розных сферах.
Таццяна Палхоўская.