О Багародзіца, Ты праз сталецці
У міласэрнасці не змружыш вочы
На варце ў браме, каб Твае ўсе дзеці
Тут чуліся ў бяспецы ўдзень і ўночы.
Пільнуй святыні, дзе Твой сын салодкі
Бярэ ад нас ахвяры неадменна,
Пільнуй дамы і вежаў шыхт каменны,
Руіны — даўні гарадок Сіроткі.
Уладзіслаў Сыракомля.
“Да Багародзіцы”.
Павандраваць па Беларусі яму давялося шмат, вымушалі на тое сямейныя абставіны: паэт і краязнавец Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) паходзіў з сям’і арандатара. З’явіўся на свет, калі сям’я жыла і гаспадарыла ў арандаваным фальварку Смольгаў на Бабруйшчыне (цяпер Любанскі раён). Неўзабаве бацькі пераязджаюць у Яськавічы тагачаснага Слуцкага павета (цяпер Салігорскі раён). Надзеі набыць гэты фальварак ва ўласнасць не спраўдзіліся — перабраліся ў Кудзінавічы (Капыльскі раён), затым Мархачоўшчыну, пасля Залуча на Стаўпеччыне. Апошнія гады жыў у фальварку Барэйкаўшчына па дарозе з Вільні да Ашмян.
З Нясвіжам лёс звёў двойчы: першы раз у 1833-34 гадах, калі хлопчыкам 11-12 гадкоў вучыўся ён у павятовай школе пры дамініканскім кляштары, другі — у 1840 — 44 гадах, як працаваў у радзівілаўскай канцылярыі. Горад і замак тых часоў перажывалі перыяд заняпаду, уяўлялі сабой сумнае відовішча і “мала чым маглі пацешыць”. Ды цікаўны падлетак, пасля малады чалавек знаходзіў тут сабе пацеху ў стараннай вучобе (адзнакі меў па большасці прадметаў “надзвычайныя”), вывучэнні класічнай творчасці, першых літаратурных і краязнаўчых практыкаваннях. Завёў сяброўства з былымі студэнтамі Віленскага ўніверсітэта, удзельнічаў у літаратурных вечарынах.
15 красавіка 1844 года адбылася па-дзея, што вызначыла надалей сямейны лёс паэта: у нясвіжскім касцёле ён вянчаўся з Паўлінай Мітрашэўскай, пляменніцай упраўляючага радзівілаўскай канцылярыі. Маладыя з’едуць у Залуча. Але праз усё жыццё пранясе Уладзіслаў Сыракомля ўдзячнасць Нясвіжу, любоў да яго. “Пачынае мацней стукаць сэрца: гэта мы ўяз-джаем у дарагое даўнімі ўспамінамі месца”, — так напіша ён пра наш горад. І сёння з яго вялікай краязнаўчай працы “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах”, іншых дзённікавых запісаў маем жывое ўяўленне пра тагачасны Нясвіж, выгляд яго ваколіц, адметнасці гарадскога жыцця (напрыклад, традыцыйны Святаміхальскі кірмаш, што праводзіўся восенню і амаль супадаў па часе з днём нараджэння паэта).
Сыракомлю з поўным правам можна назваць пачынальнікам паэтычнага летапісу Нясвіжа. І пачатак гэты быў даволі значны, бо ўяўляў сабой нізку вершаў пад агульнай назвай “Згадкі Нясвіжа”. Ды не проста вершаў, а вершаў-санетаў. Апроч цёплага лірычнага пачуцця ў іх шмат гістарычных дэталей, нясвіжа-знаўчых сведчанняў-падказак пра замак, Слуцкую браму, Альбу, труны Радзівілаў. Завяршаў паэтычны цыкл верш-малітва да Багародзіцы берагчы Нясвіж — “даўні гарадок Сіроткі”.
29 верасня прадстаўнікі культурнай грамадскасці Нясвіжчыны, у пераважнай большасці сябры мясцовай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны і суполкі палякаў, навучэнцы дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа сабраліся ў Доме польскім, каб ушанаваць 195-ю гадавіну ад нара-джэння Уладзіслава Сыракомлі (яна акурат выпала на апошнюю суботу верасня). Чыталі яго вершы, па-беларуску і па-польску. Разважалі пра вытокі адданасці нашаму гораду, глыбей спазнавалі жыццёвы лёс “вясковага лірніка”, напісалі невялікую дыктоўку з яго “Вандровак… ” пад назвай “Тракт да Нясвіжа”, выказваліся наконт святкавання 200-годдзя паэта — па-святочнаму радаваліся, што ён быў у нас і ёсць.
Наталля ПЛАКСА,
старшыня раённай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны.