На рамонце касцёла ў Смаргонскім раёне загінуў будаўнік

Фота: http://sudexpert.gov.by
На рамонце касцёла ў Клюшчанах у Смаргонскім раёне загінуў будаўнік. 30-гадовы мужчына, жыхар Смаргоні, упаў з рыштаванняў з вышыні 3,5 метры і памёр яшчэ да прыезду "хуткай".
Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, трагічнае здарэнне адбылося 2 кастрычніка. Брыгада з трох чалавек займалася аддзелкай храма сайдынгам. Падкрэсліваецца, што будаўнікі працавалі бясплатна, выкарыстоўвалі самаробныя будаўнічыя рыштаванні. Яны і падвялі: адышлі ад вонкавай сцяны касцёла з-за няўстойлівага ўсталявання.
СК праводзіць праверку, высвятляе ўсе абставіны здарэння, прызначаная судова-медычная экспертыза. Праваахоўнікі высветлілі, што будаўнічая брыгада доўгі час працавала без дзяржаўнай рэгістрацыі, выкарыстоўвала абсталяванне, якое не адпавядае патрабаванням тэхнікі бяспекі.