Падарожжа па родным краі. Бярэжкі
Заканчэнне
І ў кожны двор нехта не вярнуўся…
З таго часу, як прайшло раскулачванне, у Бярэжках стала жыць багата наезджых людзей. З мясцовых прозвішчаў — Станкевічы, Арцюшэўскія, Мазуркевічы, Корбуты, Корзуны і іншыя, чые дзяды і бацькі жылі тут з даўніх часоў, засталося толькі адно. Корзун Антаніна Іванаўна тут нарадзілася, тут і жыве ўвесь час. Бацька яе Іван Корзун працаваў доўгі час брыгадзірам у сваёй вёсцы, бо калгаса ў Бярэжках не было. Яны ўваходзілі ў склад калгаса “Чырвоны маяк”, які арганізаваны быў у 1931 годзе ў вёсцы Баянава. Як пачалася Вялікая Айчынная вайна, хто паспеў да прыходу немцаў у Бярэжкі — пайшоў на фронт, а іншыя — у партызаны, забраўшы з сабою ў лес свае сем’і.
“Немцы ў вайну Бярэжкі не палілі. Якая была вёска да вайны, такая засталася і пасля яе. А вось калі, бывала, наязджалі, — успамінаюць жыхары, — то ўсе стараліся схавацца ў лесе. Зімою дзяцей абкручвалі ў што маглі, каб тыя не змерзлі, бо парой і начаваць у лесе даводзілася”.
У партызанскім атрадзе імя Шчорса 37-й брыгады імя Пархоменкі ваяваў і Пётр Прохаравіч Сушко. Там, у атрадзе, была і яго сям’я — жонка і дачка Надзейка 1936 года нараджэння. Ёй, у вайну маленькай дзяўчынцы, дагэтуль помніцца тое цяжкае партызанскае жыццё, а асабліва — блакада, калі ўсе хаваліся ў Чорным балоце.
“Немцы наступаюць, вакол страляюць, — успамінае Надзея Пятроўна, — усе бягуць, дзеткі пакінутыя на купінах сядзяць без бацькоў, рукі цягнуць, просяцца іх узяць. А куды браць? Самі не ведалі, што будзе. Мо саміх заб’юць, а бацькі тых дзетак знойдуцца і забяруць іх. Усе думалі, што пашанцуе і ў тое Чорнае балота немцы не пройдуць. Але яны, акружыўшы балота, усіх палавілі і прыгналі да глыбокай ямы. Пясок быў жоўты-жоўты. Людзей багата-багата. Паставілі вакол ямы. Крык, гвалт, плач, сабакі здаровыя і немцы з аўтаматамі. Яма, немцы — значыцца, усіх пастраляюць ды і пакідаюць у гэтую вялікую яму. Але прыехалі нейкія другія немцы вярхом на конях. Пасля іх прыезду людзей ад той ямы пагналі ў Забалацце, у вялікі будынак, мо то школа была. І там ужо ўсіх размеркавалі: старэйшых — у адзін бок, малодшых — у другі, дзяцей — у трэці. Я ўхапілася за маму, крычучы: “Мамачка, куды ты? І я з табою!” Немец перацягнуў маму некалькі раз гумавай палкай, і я тады адпусціла яе…”
Маладзейшых пагналі ў Германію, сярод іх была і мама Надзеі Сушко. Дзяцей немцы размеркавалі па хатах, у чужыя сем’і, у розныя навакольныя вёскі, і кантралявалі, каб дзяцей кармілі, даглядалі. Трапіла Надзея да старой жанчыны, якая не згадзілася яе глядзець, і тады дзяўчынку забрала ў Слаўкавічы чужая жанчына, звалі яе Маня. Пазней знайшла ўнучку бабуля, бацькава маці, і жыла Надзейка ў яе, аж пакуль мама з Германіі не вярнулася.
Чатырнаццаць двароў было ў Бярэжках, і амаль у кожны з іх не вярнуўся ці гаспадар, ці сын, а то і некалькі чалавек. Бацька Надзеі Пятроўны Сушко Пётр Прохаравіч загінуў 11 мая 1944 года ў Любанскім раёне. Бараноўскі Георгій Іванавіч загінуў у 1944 ва Усходняй Прусіі. Бараноўскі Іван Іванавіч, партызанскі сувязны, і Бараноўская Вольга Васілеўна расстраляны ў маі 1942 года. Браты Марціновіч Рыгор Майсеевіч, Мікалай Майсеевіч і Іван Майсеевіч схоплены і расстраляны за сувязь з партызанамі 14 красавіка 1942 года на могілках у Глуску. У гэты ж дзень расстраляны і Арцюшэўскія Адам Антонавіч і Мікалай Адамавіч. Усе яны пахаваны ў адной брацкай магіле, разам з загінуўшымі ў той дзень жыхарамі з Бабірова. Бабіроўцы пасля вайны на магіле — месцы расстрэлу паставілі помнік сваім родным. На ім пазней былі выбіты і прозвішчы братоў Марціновічаў і Арцюшэўскага М. А. Усе ваявалі супраць ворага ў розных месцах, а загінулі разам.
Касцюкевічы Павел Рыгоравіч і Рыгор Паўлавіч расстраляны ў 1942 годзе ў вёсцы Замасточча. Памяць аб загінуўшых жыхарах Бярэжак увекавечана на помніку ў вёсцы Клетнае, якая была да рэарганізацыі цэнтральнай сядзібай Клятнянскага сельскага Савета.
У вайну ў Бярэжках, як успамінае Ніна Паўлаўна Грыневіч, жыло багата бежанцаў. Тут жылі, тут і паміралі, тут іх і хавалі ў лесе, каля вёскі Пагарэлае. Мо чалавек з трыццаць пахавана — так утварыліся невялікія могілкі. Самі ж мясцовыя, бярэжкаўцы, тут сваіх родных не хаваюць, а возяць на могілкі ў Пяценку. А шляхта сваіх родных вазіла хаваць у Глуск, на той бок могілак, дзе ўся шляхта была пахавана ў адным месцы.
Брыгада № 7
Пасля вайны жыхары Бярэжак працавалі ў калгасе, як і да вайны, разам з баянаўцамі. Крыху пазней вёска ўвайшла ў склад калгаса імя Сталіна, які аб’ядноўваў Вайцяхова, Пагарэлае і Пяценку.
З 1996 года Бярэжкі, тады тут было 14 двароў, 25 жыхароў, увайшлі ў склад калгаса “Радзіма”. Вёска стала брыгадай № 7. Сеялі лён у Пагарэльскай даліне і на Вялікім полі, сеялі і жыта, і авёс… Быў тут і свой зернясклад, ім стала былое шляхецкае гумно. Аднаго часу старажаваў гэты зернясклад Данільчык Павел Паўлавіч, але быў знявечаны калгаснымі коньмі. Яны чагосьці спужаліся, “панеслі”, Павел Паўлавіч імкнуўся іх затрымаць, і яму возам пераехала ногі. Доўга хварэў чалавек і памёр. Пазней склад той аддалі Прахоцкай Марыі Мікалаеўне, і яна збудавала з яго сабе хатку і хлеў, якія стаяць і зараз. Моцнае дрэва выбірала шляхта сабе для забудовы.
Непадалёк ад шляху, у пачатку Бярэжак, быў калгасны клуб. Кіно глядзелі ў клубе, правілі розныя гулянні, танцы, вяселлі і кірмаш… Хоць бедна, але весела жылося, моладзі было багата пасля вайны. Працавала загадчыцай клуба Мядзведка Люба. Пазней той клуб перавезлі ў Пагарэлае, а потым аддалі чалавеку, у якога згарэла хата. Зараз той будынак стаіць пусты. У клубе, бывала, збіраліся калгаснікі, і брыгадзір Мядзведка Мікалай Афанасевіч размяркоўваў ім нарады, успамінаюць вяскоўцы.
Школы сваёй у Бярэжках не было. Хадзілі пяшком у школу ў Клетнае, тры кіламетры туды — тры назад. Кожны дзень. Многія вясковыя дзеці пазаканчвалі толькі па чатыры класы. Далей вучыцца не мелі магчымасці: пайшлі працаваць, трэба было дапамагаць па гаспадарцы.
Была ў брыгадзе і малочнатаварная ферма на 400 галоў. Два хлявы цялят, склад. Кладаўшчыцай на ферме 22 гады адпрацавала Надзея Пятроўна Доўбік, у дзявоцтве — Сушко. На ферме гадавалі цялят, адкормлівалі бычкоў. Ураджаі былі добрыя. Асабліва ў Бярэжках радзіла бульба, яе на зіму захоўвалі ў буртах. Багата было буртоў, і сарціроўка свая была. Добрыя ўраджаі давалі мясціны з назвамі “За башняю”, “Зялёны калектар”, “Вялікі калектар”… Вакол вёскі, паўз рэчку, — балота, яго па-мясцоваму завуць Сыцькава балота, за вёскай — Сыцькаўшчына. Сеялі калі цімафееўку, калі жыта…
Жыццё з цягам часу станавілася лягчэйшае, абжываліся людзі, багацела гаспадарка. У брыгадзе № 7, напрыклад, з’явілася, апроч іншага, і свая лазня.
Сённяшняе жыццё шляхецкай ваколіцы
У 1990-я гады неяк усё хутка развалілася, як і тая лазня. Яе рэшткі з чырвонай цэглы дасюль здалёк відны пасярод поля і ззяюць сваімі пустымі вокнамі, страхі таксама няма. Гэта справа ад дарогі перад вёскай, злева — узвышаецца драўляны паднавес, ужо ў добра шаноўным узросце.
Паводле перапісу 1970 года, у Бярэжках — 85 жыхароў; у 1986 годзе — 30 гаспадарак, 47 жыхароў; 2002 год — 10 гаспадарак, 10 жыхароў. Зараз у вёсцы жыве мо восем чалавек, гавораць жыхары. Пустых хат багата, жылых толькі пяць. У панядзелак і чацвер прыязджае аўталаўка. Рэгулярна прывозяць пенсію — у чысло, і газеты кідаюць у скрыню, а то і ў хату прыносяць. На адной з жылых хат — шыльда “Дом сацыяльных паслуг”. Прыязджаюць работнікі з райсабеса, цікавяцца жыццём, калі што трэба, то і дапамогуць. Па магчымасці садзяць пенсіянеры бульбу, робяць грады, усяго патрошку. Каму дапамагаюць дзеці, унукі — той і больш садзіць. “На вуліцу выйдзеш — пуста, ціха, летам хоць птушкі шчабечуць, а зімою… Ат, лепш аб ёй не думаць. Адно добра, што тэлевізар працуе — можна паглядзець. Але і ён, бывае, надакучвае”, — кажуць бярэжкаўцы. Зімою ім трэба і дроў прынесці, і вады, і снег разгрэбці, таму некаторыя нават думаюць, каб падацца ў дом састарэлых. Вось такое сённяшняе жыццё былой шляхецкай ваколіцы Бярэжкі. Усё было, ды больш няма — толькі ўспаміны.
І. КІРЫНА