29 верасня – Дзень утварэння ППСМ. Патрульна-паставая служба міліцыі Смаргоні

Источник материала:  
02.10.2018 — Разное
Патрульна-паставая служба міліцыі (ППСМ) мае багатую гісторыю. Праз два гады будзе адзначаць векавы юбілей. Створана яна была 29 верасня 1920 года галоўным загадам рабоча-сялянскай міліцыі №64 па г. Мінску. Тады ж з’явіўся першы “лятучы атрад”  па ахове грамадскага парадку. Цяпер ён называўся б мабільным. Потым такія ж атрады былі створаны ў іншых буйных гарадах Беларусі.

29 верасня – Дзень утварэння ППСМ. Патрульна-паставая служба міліцыі Смаргоні

Памочнік камандзіра ўзвода ППСМ Віктар ШЧАСНЫ праводзіць інструктаж нарада, які заступае на ахову правапарадку.


За гісторыю патрульна-паставой службы было некалькі рэарганізацый, але нязменным заставалася адно: ППСМ заўсёды знаходзілася на сваіх пастах і маршрутах, гатовая прыйсці на дапамогу людзям, ахоўвала грамадскі парадак, дзяржаўную і асабістую маёмасць жыхароў. 

Раней узводы і роты ППСМ, якія дыслакаваліся ў райцэнтрах, з’яўляліся структурнымі падраздзяленнямі палка патрульна-паставой службы, які знаходзіўся ў Гродне. Але ў мінулым годзе смаргонская “патрулька” ўвайшла ў склад мясцовага райаддзела міліцыі. Як адзначыў памочнік камандзіра ўзвода Віктар Шчасны, у сувязі з гэтым нічога не памянялася. Можа, нават стала крыху прасцей вырашаць арганізацыйныя пытанні, паколькі няма двайнога падпарадкавання.

Узвод ППС – мабільнае падраздзяленне, якое забяспечана зброяй і спецсродкамі, неабходнымі для нясення службы, мае два аўтамабілі УАЗ і гатова выбыць  у любы куток раёна, дзе востра стаіць пытанне забеспячэння грамадскага парадку.

Узвод таксама ўзаемадзейнічае з іншымі службамі райаддзела міліцыі.

Патрульна-паставая служба міліцыі заўсёды з’яўлялася кузняй кадраў. Тыя, хто прайшоў школу “Патрулькі”, станавіліся нядрэннымі аператыўнікамі, участковымі інспектарамі, супрацоўнікамі іншых падраздзяленняў райаддзела міліцыі.

Патрульныя таксама прымаюць удзел у раскрыцці злачынстваў. Сёлета затрыманы людзі, якія захоўвалі наркатычныя рэчывы, летам па гарачых слядах раскрылі рабаўніцтва. У магазіне гандлёвага прадпрыемства “Танак” мужчына схапіў спіртное і кінуўся наўцёкі. На месца ўчынення прыбыў нарад ППСМ, паглядзеў запіс з камеры відэаназірання і па ўстаноўленых прыкметах пачаў шукаць уцекача на прылеглай да магазіна тэрыторыі і неўзабаве затрымаў яго.

Супрацоўнікі патрульна-паставой службы ўдзельнічаюць у рэйдах па выяўленні бровараў. Так, у мінулым месяцы яны знайшлі самагонны апарат і 1200 кг брагі. А ў аднаго мужчыны дома - 53 літры самагону.

Паколькі ўзвод ППСМ самы вялікі з усіх падраздзяленняў райаддзела міліцыі, то ён удзельнічае і ў пошуках грыбнікоў, якія заблудзіліся ў лесе. Сёлета такіх выпадкаў не было, а летась шукалі бабулю, якая пайшла ў лес па ягады. А яшчэ ў кастрычніку доўга шукалі грыбніка.

У патрульна-паставой службе ёсць адзін пенсіянер – Іван Іванавіч Гарбузаў, які праслужыў у ППСМ вызначаны тэрмін і пайшоў на заслужаны адпачынак. Працяглы час неслі службу ў “патрульцы” Анатоль Мінгіновіч, які ўжо на пенсіі, цяперашнія супрацоўнікі РАУС – Алег Аўгусціновіч, Віктар Манчак, Віктар Паховіч, Павел Амбрасевіч (нядаўна ён пайшоў на пенсію з аператыўна-дзяжурнай часці).

Нядрэнна сябе зарэкамендавалі супрацоўнікі ППСМ Валянцін Келбаснік, Ігар Вінцаловіч, Арцём Шчасны, Сяргей Рогач, Сяргей Глебец. Ёсць сярод іх маладыя, але старанныя. Служба цікавая, неманатонная. Як адзначыў памочнік камандзіра ўзвода Віктар Шчасны, ёсць тры вакантныя пасады. Таму, хто з юнакоў адслужыў у арміі, можа звяртацца ў райаддзел міліцыі наконт працаўладкавання.

Ягор КАРЫЦКІ.

Фота аўтара.

←В Гомеле группа мошенников обманула более 20 фирм на 600 тысяч рублей

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика