Новыя перамогі ААТ “Даманаўскі ВГК”...
01.10.2018
—
Разное
Сёлета конкурс “Лепшы будаўнічы прадукт года-2018” сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў. У выніку на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу, які праходзіў пад дэвізам “15 гадоў выяўляем лідараў” у Мінску, Ганаровыя дыпломы пераможцаў атрымалі 63 кампаніі і 83 будаўнічыя прадукты прызнаны лепшымі. У ліку дастойных узнагароды ў гэтым рэспубліканскім прафесійным конкурсе і ААТ “Даманаўскі ВГК”, тры віды прадукцыі якога ў чарговы раз прызнаны лепшымі.
Арганізатары і старшыня аргкамітэта конкурсу Аляксандр Патуцін адзначылі, што ў рэгіёнах працуюць вельмі моцныя і дастойныя прадпрыемствы, якія паляпшаюць якасць прадуктаў раз за разам, укараняюць інавацыйныя тэхналогіі, нарошчваюць экспартныя пастаўкі.
Можна ганарыцца, што ў гэтым прэстыжным конкурсе ёсць перамога і ў нашых землякоў. ААТ “Даманаўскі ВГК” узнагароджаны сярод іншых моцных прадпрыемстваў краіны за прадукцыю і паслугі, узровень якіх адпавядае міжнародным патрабаванням у вобласці якасці.
Перамога прысуджана за прадукт “Сілікат натрыя гідратаваны парашкападобны”. Ён прымяняецца ў будаўнічай і нафтаперапрацоўчай галінах. У прыватнасці, пры выкананні рамонтных гідраізаляцыйных работ на нафтавых і газавых свідравінах, а таксама ў тэкстыльнай, хімічнай, металургічнай, папяровай і іншых прамысловасцях.
Сілікат натрыя гідратаваны парашкападобны, ці як яшчэ яго называюць гідрасілікат натрыя, уяўляе сабой прадукт сушкі шкла натрыевага вадкага. Прадукт у такім выглядзе зручна транспарціраваць і захоўваць, ён не патрабуе спецыяльных ёмістасцей, не замярзае, а пры доўгім захаванні не злежваецца і не губляе свае першапачатковыя якасці. Прадукт прызначаны для атрымання шкла натрыевага вадкага шляхам растварэння яго ў вадзе ў звычайных умовах пры плюсавай тэмпературы паветра.
Сярод пераможцаў у намінацыі “Лепшы будаўнічы матэрыял (выраб) года” – “Шкло натрыевае вадкае”. Прадукт уяўляе сабой густую вадкасць жоўтага ці шэрага колеру. У будаўніцтве прымяняецца для павышэння водаўстойлівасці атынкаваных бетонных паверхняў, для паскарэння зацвярдзення (уводзіцца ў бетон да 5 працэнтаў ад масы). Акрамя таго, прадукт прымяняецца ў машынабудаўнічай прамысловасці, у чорнай металургіі, для вытворчасці зварачных матэрыялаў, у вытворчасці клею, замазкі, прапіткі як важны кампанент.
Павышэнне водаўстойлівасці атынкаваных і бетонных паверхняў дасягаецца шляхам пакрыцця 1-2 разы 10-15-працэнтным водным растворам шкла натрыевага вадкага і затым шклом нармальнай кансістэнцыі.
Пасля высыхання паверхня пакрываецца 3-5-працэнтным водным растворам хлорыстага кальцыю, сернакіслага алюмінію ці слабым вапнавым растворам. На аснове шкла натрыевага вадкага выпускаюць сілікат натрыя гідратаваны парашкападобны і натрыя метасілікат дзевяціводны.
І Дыплом атрыманы ААТ “Даманаўскі ВГК” за прадукт “Фарба сілікатна-акрылавая водна-дысперсійная”. Фарба прызначана для атрымання абаронна-дэкаратыўных пакрыццяў пры правядзенні аддзелачных і рамонтна-будаўнічых работ, як унутраных, так і паверхневых.
Асаблівасці і перавагі прадукта ў тым, што высушанае пакрыццё фарбы не аказвае шкоднага ўздзеяння на арганізм чалавека, фарба не гаручая, пажараўзрывабяспечная, адносіцца да 4 класа небяспечнасці (маланебяспечная). Фарба захоўваецца і эксплуатуецца пры тэмпературы не ніжэй 50 градусаў і не болей плюс 300 градусаў.
Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК.
На здымку: намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Семянкевіч уручае ганаровы дыплом прадстаўніку ААТ “Даманаўскі ВГК”, начальніку аддзела маркетынгу ААТ “Даманаўскі ВГК” Віктару Грышчуку.