Фонды УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» папоўніліся каштоўнымі копіямі дакументаў, якія тычацца жыцця і творчасці беларускага паэта і нашага земляка Алеся Мілюця.
Напярэдадні 110-годдзя з дня нараджэння творцы яго унучатая пляменніца Ірына Яўгенаўна Іванова прадаставіла электронныя копіі неапублікаваных вершаў і пісьмаў з фронту паэта.
Запрашаем усіх жадаючых наведаць музей, а таксама – Карэліцкую раённую бібліятэку, дзе ў краязнаўчым фондзе ёсць вершы і літаратура пра жыццё і творчасць нашага земляка.
Апроч таго, 26 кастрычніка 2018 года ў чытальнай зале бібліятэкі адбудзецца час гістарычнай памяці «І зноў пяе душа…», прысвечаны юбілею Алеся Мілюця. Пачатак у 14.30. На мерапрыемстве будуць прысутнічаць родзічы паэта.
✍ Гістарычная даведка
Аляксандр Макаравіч Мілюць (больш вядомы як Алесь Мілюць) — беларускі паэт. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Нарадзіўся 6 кастрычніка 1908 года ў вёсцы Скорычы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і сялян. Скончыў два класа пачатковай школы. Большую частку жыцця займаўся самаадукацыяй. Ужо ў 20 гадоў Алесь Мілюць пачаў дасылаць свае першыя вершы і артыкулы ў прагрэсіўныя выданні Заходняй Беларусі. Іх ахвотна друкавалі ў часопісе «Шлях моладзі», газетах «За працу», «Сялянская ніва», «Народ». Асобныя вершы Алеся Мілюця былі апублікаваны ў калектыўных паэтычных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967), «Ростані волі» (1990). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў прызваны на вайсковую службу ў рады Чырвонай арміі. Загінуў 26 кастрычніка 1944 года на фронце ва Усходняй Прусіі.
❅Зімовы час❅
(Прысвячаю беларускім дзеткам)
У калматай белай шапцы
к нам прышоў далёкі госць.
Будзе з кім ужо нагуляцца
у каго ахвота ёсць!
Толькі ладзьце, прыбірайце
санкі, лыжы і канькі
ды ў кажушкі адзявайце
нашы меншыя браткі…
Хай бягуць на панадвор’е
Хто з санкамі, хто з каньком.
Ды гуляюць на здароўе
з белым чысценькім сняжком…
Хай гартуюць свае сілы
духам крэпнуць хай яны…
Каб ня быць ім кволым, хілым
Як пара прыдзе вясны…
Каб з ахвотаю ганялі
Нам скацінку на папас
Ды вясёла ўспаміналі
свой гульні зімовай час.
Алесь Мілюць. З неапублікаваных вершаў. Скорычы, 07.12.1942 г.
Матэрыял падрыхтаваў Дзмітрый Арцюх,
дырэктар УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей»