А ў сэрцы вясельны кастрычнік

Источник материала:  
29.09.2018 — Разное

А ў сэрцы вясельны кастрычнікУ кастрычніку гэтага года Раісе Фёдараўне Салавей споўніцца восемдзесят пяць гадоў. На яе дзяцінства і юнацтва прыйшліся ваенны і пасляваенны часы, пакінуўшы цяжкія ўспаміны. Нягледзячы на гэта, яна стараецца не сумаваць. 

Сям’я, у якой нарадзілася Рая, малодшая з чатырох дзяцей, жыла ў Палонцы. З дзіцячых успамінаў пра вайну захаваліся асобныя ўрыўкі, калі яны ўсёй сям’ёй хаваліся ў рове. Было вельмі страшна.


Бацькі памерлі рана, успамінае жанчына. Бацька пайшоў першым, а потым, праз некалькі гадоў, мама. Дзяўчынцы тады было чатырнаццаць гадоў. Сіротам прыйшлося глынуць гора.


Больш прыемныя ўспаміны звязаны ў Раісы Фёдараўны з замужжам. Памятае яна тыя падзеі як цяпер. Распісаліся маладыя ў сельсавеце, што знаходзіўся ў вёсцы (тады яшчэ гэта была вёска Палонка). Вяселле гулялі на кастрычніцкія святы. Сярод запрошаных сваякі з двух бакоў і моладзь.


Праўда, і ў сямейным жыцці не абышлося без няшчасця: у маленстве памерла дачка. Тыя, што засталіся трое дзяцей – дочкі Тамара і Вера і сын Сяргей – зараз для Раісы Фёдараўны самае галоўнае ў жыцці. Гэтак жа, як і чацвёра ўнукаў і восем праўнукаў.


У свае гады жанчына імкнецца не сядзець без працы. Прывыкла, кажа, што-небудзь рабіць. З мужам заўсёды трымалі хатнюю гаспадарку, саджалі агарод. Акрамя гэтага, яна працавала ў паляводстве, а апошнія дваццаць гадоў перад пенсіяй – тэхнічкай у школе. Зараз ва ўсім дапамагаюць дзеці, яна робіць тое, што ёй па сілах. Вось і ў наш прыезд Раіса Фёдараўна збіралася высаджваць на клумбы вяргіні. Людзям будзе нагода парадавацца, кажа, усміхаючыся, жанчына, а самой – занятак, за якім час ідзе непрыкметна.

 

Людміла БАЛЫШ.

Фота аўтара.

←Детский мюзикл "Айболит и все-все-все" покажут 30 октября в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика