Павышаць якасць і даступнаць паслуг
Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Канстанцін Канстанцінавіч Шульган на гэтым тыдні з працоўным візітам наведаў Хойнікі.
Кіраўнік ведамства правёў адзіны дзень інфармавання для працоўных калектываў Хойніцкіх участкаў паштовай і электрасувязі. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел дырэктар Гомельскага філіяла РУП «Белтэлекам» А.А. Радчыкаў, галоўны інжынер Гомельскага філіяла РУП «Белпошта» В.У. Сакалоў і намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама Ж.М. Чарняўская.
К.К. Шульган выступіў па тэматыцы ідэалагічнага дня – праінфармаваў прысутных аб асноўных напрамках развіцця і ўдасканалення сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Адзначана, што ЖКГ – найважнейшая сацыяльна-эканамічная сфера краіны, складаны шматгаліновы вытворча-тэхнічны комплекс. Штодня яго паслугамі карыстаецца ўсё насельніцтва рэспублікі. Ад якасці работы жыллёва-камунальнай службы залежыць паспяховае развіццё эканомікі, дабрабыт людзей, іх здароўе, працаздольнасць і настроі ў грамадстве. Далейшае развіццё сістэмы ЖКГ накіравана на павышэнне якасці і даступнасці ўсіх відаў жыллёва-камунальных паслуг, паляпшэнне добраўпарадкавання населеных пунктаў, павышэнне эфектыўнасці кіравання, прафесійнага ўзроўню кадравага складу і інш.
Асобна К.К. Шульган спыніўся на выніках работы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і планах развіцця галіны. Былі закрануты пытанні якасці прадстаўляемых паслуг, развіцця тэлекамунікацый і іншыя аспекты.
Па завяршэнні сустрэчы міністр сувязі і інфарматызацыі адказаў на пытанні, якія цікавілі работнікаў.
*** *** ***
Інфармацыйна-прапагандысцкія групы райвыканкама таксама выязджалі ў працоўныя калектывы. Пабывалі на Хойніцкім ПМС і Лісцвінскай МТФ. Сярод узнятых праблем – стан дарожнага пакрыцця па вул. Катоўскага, 60 камсамольцаў-падпольшчыкаў і ў н.п. Вялікі Бор.
Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.