Сюды я сэрцам павяртаюся
Настаў той час, калі мне патрэбна задумвацца аб тым, што хутка прыйдзецца развітвацца з родным куточкам, са сваёй малой радзімай і адпраўляцца ў іншае, самастойнае і крыху чужое жыццё. Таму так хочацца пакінуць у родных мясцінах свой асаблівы след, які будзе з’яўляцца вечнай памяццю для мяне і тых мясцін, дзе прайшло маё дзяцінства.
Янка Купала пісаў: “Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэўца: ссячы дрэўца — яно засохне, адбяры ў чалавека зямлю — загіне”. Колькі памятаю я сябе — заўсёды захаплялася цудоўнай прыгажосцю кожнай крупінкі роднай зямлі. І зараз я не магу нават уявіць, як бы жыла без блакітнай ракі Днепр, без зялёненькіх бярозак каля хаты, без магутных дубоў-асілкаў і без мясцовага дыялекту, што робіць малую радзіму асаблівай для кожнага. Тут нарадзіліся мае дзяды і прадзеды, тата і матуля, тут з’явілася на свет і я. І ніколі ў жыцці я б не хацела забываць свой родны дом, мясціны, дзе рабіла першыя крокі, пайшла ў школу, пазнала першае каханне, дзе нешта неўміручае заўсёды дае падтрымку і сілы.
Нават вольная птушка час ад часу вяртаецца ў той куточак, дзе з’явілася на свет і выпрабоўвала моц сваіх крылаў. Так і чалавек павінен не забываць сваёй малой радзімы. Як казаў Францыск Скарына: “Як ад нараджэння зверы ведаюць ямы свае, птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае, рыбы, што плаваюць у моры і рэках, чуюць віры свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”.
Таму хочацца сказаць дзякуй тым мясцінам, што вырасцілі мяне, вывучылі, зрабілі чалавекам і адправілі ў далейшае жыццё. Я ніколі не забуду сцежкі да роднай хаты, буду вяртацца сюды не адзін раз, бо малая радзіма — гэта наш пачатак, а гэта значыць, што да апошняга подыху мы павінны памятаць месца, адкуль пачалі свой жыццёвы шлях.
Вераніка Купрыянчык,
вучаніца Лоеўскай сярэдняй школы імя А.В. Казлова.