З 10 па 15 верасня ў Мінску праходзіў 31-ы міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.
За гэтыя дні госці пазнаёміліся з гісторыяй Беларусі, яе поспехамі ў галіне касмічных даследаванняў. Касманаўтам прадэманстравалі беларускія тэхналогіі стварэння аптычнай апаратуры высокага вырашэння, касмічных люстэркаў з асаблівай гладкасцю, апаратуру для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, паказалі вынікі рэалізацыі серыі касмічных праграм Саюзнай дзяржавы.
Пасля адкрыцця кангрэса прайшлі дзве тэхнічныя сесіі. Першая з іх была прысвечана тэме кангрэса — «Мы ствараем касмічную будучыню». Падчас другой сесіі касманаўты, якія вярнуліся з арбіты за апошні год, выступілі са справаздачай пра свае палёты.
Падчас кангрэса прайшла цырымонія ўскладання кветак да манумента Перамогі. А ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбыліся дзве тэхнічныя сесіі. Іх аб’ядноўвала тэма «Наша будучыня ў космасе». Дзень супольнасці прайшоў 12 верасня. У гэты дзень касманаўты наведалі беларускія школы, універсітэты, інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук, Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. 13 верасня прайшла яшчэ адна тэхнічная сесія — па космасе і навуцы. Генеральная асамблея асацыяцыі, бізнес-сесіі адбыліся 14 верасня. Затым удзельнікі кангрэса заклалі ў Батанічным садзе Алею касманаўтаў. Кожны касманаўт пасадзіў калонападобны ядловец, крона якога мае форму ракеты. Таксама для гасцей былі арганізаваны экскурсіі па знакавых мясцінах Беларусі. Касманаўты завіталі і ў Нясвіж, дзе пазнаёміліся з яго славутасцямі.
«НН».