В честь Евдокии Лось в Ушачах открыли мемориальную доску

Источник материала:  
13.09.2018 — Разное

Зусім нядаўна мы разам з усімі беларусамі з цікавасцю сачылі за падрыхтоўкай і правядзеннем Дня беларускага пісьменства ў Іванаве. А 7 верасня падобнае мерапрыемства, хоць, вядома ж, у меншым фармаце, прайшло і ў нашым літаратурным краі. Свята “Гучы, роднае слова” прысвячалася гэтай знакавай нацыянальнай падзеі і было прымеркавана да Года малой радзімы.

Яе радком гаворыць сэрца…

Пачалася ўрачыстасць ля Ушацкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Тут пры ўдзеле прадстаўнікоў улады, грамадскасці адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар нашай зямлячкі, знакамітай беларускай паэтэсы Еўдакіі Якаўлеўны Лось, імя якой носіць установа. Адметна, што выраблена яна за сродкі бібліятэкараў у рамках міні-праекта “Мае землякі – мой гонар”, які з’яўляецца складнікам раённага праекта “Мая радзіма – Ушаччына”. Пра гэта падчас мерапрыемства казалі намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Алена Васільеўна Пашковіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віктар Пятровіч Котаў.

– Надзвычай прыемна, што сёння тут сабралася так многа школьнікаў, – дадалі яны. – Значыць, памяць пра Еўдакію Якаўлеўну, яе творчасць жыве і будзе жыць!В честь Евдокии Лось в Ушачах открыли мемориальную доску

Асаблівых эмоцый і змястоўнасці надало мерапрыемству тое, што на свяце прысутнічаў сын творцы Дзмітрый Алегавіч, які жыве ў Мінску і ў нашым раёне дагэтуль быў толькі раз.

– Прынята лічыць, што радзіма чалавека – гэта месца, дзе ён нарадзіўся, – адзначыў у сваёй прамове Д.А.Лось. – Я хоць і з’явіўся на свет у сталіцы, адчуваю: мае карані тут, на Ушаччыне, дзе жыла маці. Вельмі ўдзячны раённым уладам за плённую работу па захаванні памяці пра яе творчасць, а работнікам бібліятэкі – за тое, што знайшлі мяне і запрасілі на гэта мерапрыемства.

Е.Я.Лось нарадзілася 1 сакавіка, таму сваёй першай кнізе паэзіі дала сімвалічную назву “Сакавік”. Знакавай аказалася і назва апошняга зборніка – “Лірыка ліпеня”: аўтаркі не стала 3 ліпеня, праз некалькі месяцаў пасля выдання згаданай кнігі. Еўдакія Лось была адной з самых яркіх і значных паэтак свайго часу. Дзясяткі кніг вершаў, дзіцячых твораў, перакладаў, мноства дзяржаўных узнагарод, шырокае прызнанне публікі і павага калег, бясконцыя вандроўкі і сустрэчы з чытачамі…

– З Еўдакіяй мы разам хадзілі ва Ушацкую школу, з першага па пяты клас сядзелі за адной партай, рабілі ўрокі на запечку, – успамінае Кацярына Мікалаеўна Васілеўская. – Калі ж пачалася вайна, нашы шляхі разышліся. Тым не менш, з творчасцю былой сяброўкі я добра знаёма – шмат у ёй блізкага сэрцу.

Еўдакія Якаўлеўна вельмі любіла сваю малую радзіму, часта сюды наведвалася, прыходзіла ў раённую бібліятэку, музей. Ушаччыне яна прысвяціла шэраг сваіх вершаў:

…Паедземце, дружа, ва Ушачы,

Там зараз вясна, ды вясна.

Бярэзіна соладка плача,

Над рэчкай – вятроў гамана…

На жаль, лёсам Е.Я.Лось было наканавана не дажыць да восені ўласнага жыцця: паэтка пайшла ў іншы свет, калі ёй было ўсяго 48. І дагэтуль не ўсе рысы творчай індывідуальнасці Еўдакіі Якаўлеўны вядомыя чытачу. Яе дзённікі і ліставанне надрукаваны фрагментамі, а архівы, што захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, не цалкам вывучаны. Чакае выдання і кніга ўспамінаў пра паэтэсу, складзеная яе сястрой. В честь Евдокии Лось в Ушачах открыли мемориальную доску

Шмат новых адкрыццяў пра зямлячку ў гэты дзень ушачане зрабілі для сябе і ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Спецыяльную выставу – з фотаздымкамі сямейнага архіву, зборнікамі, самаробнымі альбомамі – дапамог арганізаваць сын паэтэсы. Дарэчы, частку прывезенага ён пакінуў установе ў падарунак.

“Была для мяне прыкладам”

– Калі мамы не стала, мне было 14 гадоў. Я добра памятаю яе і ўсё тое, што яна ў мяне ўклала, – пачаў з намі гутарку Дзмітрый Алегавіч. – Гэта і любоў да чытання, і яе ўласны прыклад стараннай вучобы: мама скончыла педінстытут, Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Ганаруся тым, што яна здолела развіць свой талент. Далёка не кожны становіцца пісьменнікам, паэтам, вучоным, мастаком… А яна – простая вясковая жанчына, якая расла ў пасляваенны час, – змагла дасягнуць многага. Прызнацца, калі быў зусім малы, не мог зразумець, чым яна займаецца: у сяброў бацькі былі настаўнікамі, урачамі, вадзіцелямі – адразу бачна, як чалавек зарабляе. А мая мама ўвесь час сядзела за машынкай. Нешта надрукуе, напіша – потым парве ліст ды кіне ў кош. Думаў, мне не пашанцавала. Але калі падрос, зразумеў, што мама мае вялікі талент. Гадоў у пяць навучыўся чытаць, а ў трэцім-чацвёртым класе ўжо знаёміўся з класікай беларускай, рускай, сусветнай літаратуры. І сёння кніга – найлепшы сябра для мяне ў вольны час.

Дзмітрый беражліва захоўвае кнігі сваёй маці, а некаторыя – са шчымлівымі аўтографамі-парадамі для сына – асабліва дарагія яму. Сам ён таксама спрабаваў пісаць вершы. Некаторыя з іх друкаваліся ў “Маладосці” і “Бярозцы”. Аднак калі памерла мама, стала не да паэзіі.

– А якой была знакамітая паэтка дома, у сям’і? – пытаемся.

– Сапраўды, у свой час яна была вельмі вядомым чалавекам. Мела дзяржаўныя ўзнагароды, але гэтым не карысталася. Мы ездзілі з ёй на адпачынак у Крым, на Балтыйскае мора. Да мяне заўсёды вельмі строгая, асабліва не песціла – але яе любоў я адчуваў пастаянна. Падчас яе камандзіровак я жыў з бабуляй, але мама штодзень тэлефанавала, цікавілася справамі. А пасля кожнай вандроўкі ў Грузію, Арменію, Чэхаславакію, Прыбалтыку мама абавязкова прывозіла нацыянальныя сувеніры, якімі я хваліўся перад сябрамі.

Многія пісьменнікі ва ўспамінах пра Еўдакію Лось адзначаюць, што яна ахвотна іх падтрымлівала. А Уладзімір Караткевіч неяк назваў яе Жытніцай – “істотай з беларускага фальклору, якая жыве ў каласах і памірае толькі тады, калі апошні чалавек сабраў свой ураджай. Яна дапамагае ўсім, і дух яе жыве нават у тым пучку жыта, які выносяць вясною на Юр’я ў поле”.

– Сапраўды, яна вельмі многім пісьменнікам дапамагала, – пацвярджае Дзмітрый Алегавіч. – Апекавала Яўгенію Янішчыц, якая некаторы час нават жыла ў нашай кватэры. Галіна Каржанеўская таксама часта ў нас бывала, Раіса Баравікова, Ніна Галіноўская. Я іх нават сфатаграфаваў у нас дома, калі мама святкавала дзень нараджэння.

Лёс склаўся так, што сам Дзмітрый Алегавіч выбраў прафесію, далёкую ад творчасці – скончыў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў у Омску, пэўны час быў оперупаўнаважаным у аддзяленні крымінальнага вышуку, а зараз працуе вадзіцелем маршрутнага таксі ў Мінску. Яго жонкі таксама рана не стала, блізкія раз’ехаліся – мужчына зараз жыве адзін.

– Да цяжкасцей я прывык. Памятаю, як напачатку 70-х у аўтакатастрофе сур’ёзна пацярпела мама – урачы ў прамым сэнсе гэтых слоў збіралі яе па частачках. Пасля гэтага цёткі доўга не хацелі весці мяне ў бальніцу: баяліся, што не пазнаю. Я ж любіў прыходзіць да мамы і тады, і крыху пазней – калі яна ляжала ў Бараўлянах. У яе балела ўсё цела, таму абапіралася на маё плячо – і мы гулялі па бальнічным дворыку.

Еўдакія Якаўлеўна памерла больш 40 гадоў таму. Лічы, цэлае жыццё прайшло. А творы яе дагэтуль друкуюцца, пра паэтэсу памятаюць. Значыць, чалавек недарэмна жыў на гэтым свеце.

Усіх з’яднала свята слова

Не менш эмацыянальным аказаўся працяг раённага свята, прымеркаванага да Дня беларускай пісьменнасці. Галоўныя яго падзеі разгарнуліся ў скверы па вуліцы Ленінскай у гарпасёлку, які ператварыўся ў своеасаблівую літаратурную краіну. Час ад часу ў натоўпе можна было заўважыць “прышэльцаў з другой эпохі”. Гасцей свята віталі Францішак Скарына і Еўфрасіння Полацкая – знакавыя вобразы прымерылі на сябе работнікі раённай бібліятэкі. Разам з імі ўсе жадаючыя мелі магчымасць папрактыкавацца ў старажытным правапісанні, успомніць тэхніку, у якой акрамя чарніла выкарыстоўваліся пяро ці пер’евая ручка.

– Я і сам у дзяцінстве пісаў такім чынам, – пакідаючы на лістку паперы віншаванне ўдзельнікам мерапрыемства, зазначыў дырэктар раённага Дома рамёстваў Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч. – Вядома, навыкаў і цярпення патрабавалася шмат, каб атрымаць у выніку прыгожы тэкст без плямаў. Ды і ад якасці пяра, якое выкарыстоўвалася, многае залежала.

Шмат цікаўных ушачан, гасцей райцэнтра аказалася ў гэты дзень і ля літаратурных выстаў, партрэтаў нашых славутых землякоў Васіля Быкава, Петруся Броўкі, Рыгора Барадуліна. Годна ж працягваюць традыцыі апошніх нашы сучаснікі. На працягу больш чым гадзіны на сцэнічнай пляцоўцы сваёй творчасцю – вершамі, прозай, вакалам – з прысутнымі дзяліліся ўдзельнікі народнага клуба творчых сустрэч “Муза” (кіраўнік – Галіна Аляксандраўна Варатынская), народнага клуба “Ветэран” (Іна Сяргееўна Клімава), клуба цікавых сустрэч “Ушачане” (Таццяна Браніславаўна Гарбаценка), вакальнай групы “Ушачаначка (Святлана Іванаўна Муша), узнагароджаныя ў гэты дзень граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, іншыя творцы. Усе прысутныя наталіліся прыгажосцю роднай мовы, зазірнулі ў таямніцы мінулага і адчулі гонар за сваю малую радзіму – невычэрпную крыніцу талентаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

←Личный приём граждан по предварительной записи проведёт депутат Иван Григорьевич Ребковец

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика