На молгилу бойца Красной Армии, погибшего при освобождении Шумилинского района приехали родственники из Казахстана
У 1941 годзе Барыкена Топіна з аула Кагалажар, што ў Паўночна-Казахстанскай вобласці Казахстана, прызвалі ў Чырвоную Армію. На ўсё жыццё запомніў Сагындык Топін той момант, калі яго ўзяў на рукі бацька Барыкен і сказаў: “Ты застаешся за галоўнага. Я іду на вайну”. І з таго часу сям’я Топіных больш нічога не ведала пра Барыкена. Пасля вайны сваякі спрабавалі знайсці нейкія звесткі пра мужа і бацьку, але ўсё дарэмна: адказы былі кароткімі “звестак не знойдзена”.
І толькі ў пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя сям’я Топіных даведалася, што іх сваяк загінуў і пахаваны на беларускай зямлі, але дакладнае месца пахавання было невядома. “У нашым мястэчку шмат мужчын не вярнулася з вайны, – расказвае Гульбаршын, унучка Барыкена Топіна. – І сваякі на працягу многіх дзесяцігоддзяў спрабавалі знайсці нейкія звесткі пра сваіх блізкіх. Сярод іх была і настаўніца Акына Аўценава, якая шукала брата Хакіма. У 1986 годзе нашы сем’і даведаліся, што сваякі пахаваны ў Шу-мілінскім раёне: Хакім – на брацкіх могілках у Дворышчы, а Барыкен – у Язвіне. На жаль, у той час паехаць у Беларусь не атрымалася”. Менавіта тады Топіны даведаліся, што Барыкен загінуў.
“Усё ў душы перавярнулася, калі даведаўся, што бацька загінуў 8 лютага 1944 года і пахаваны ў Язві-не, – кажа Сагындык Топін. – Але нарэшце з’явілася нейкая яснасць. Я даў сабе слова, што абавязкова наведаю Беларусь”.
У кастрычніку-снежні 1943 года ў ходзе Гарадоцкай наступальнай аперацыі, якую праводзіў 1-шы Прыбалтыйскі і Заходні фронты, пачалося вызваленне Віцебскай вобласці і ўсёй Беларусі. Пасля вызвалення Гарадка савецкія войскі працягнулі наступленне з мэтай вызваліць Віцебск, але аперацыя скончылася няўдачай. У ходзе баёў 25 снежня 1943 года ўдалося перарэзаць чыгунку і шасэ Віцебск-Полацк у раёне станцыі Язвіна і ўскладніць забеспячэнне фашысцкіх армій у Віцебску. Немцы спрабавалі адкінуць савецкія войскі, якія не спынялі спроб прадоўжыць наступленне на працягу ўсёй зімы 1943/1944 года. Адна з такіх наступальных аперацый праводзілася 3 лютага-13 сакавіка 1944 года. У гэтых цяжкіх, знясільваючых баях загінулі тысячы савецкіх салдат. Менавіта тут, у адным з баёў у раёне станцыі Язвіна, і загінуў казах Барыкен Топін.
У 2014 годзе Сагындык і Гульбаршын Топіны ўпершыню прыехалі ў Беларусь. “Як толькі ступілі на язвінскую зямлю, адчулі нешта роднае, – успамінае Гульбаршын. – І чым бліжэй падыходзілі да брацкіх могілак, тым гэтае пачуццё павялічвалася”. Топіны прыехалі ў Шуміліна на Дзень Перамогі, калі ўся краіна святкавала 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Госці з Казахстана былі ўражаны святкаваннямі і, галоўнае, усенароднай памяццю і павагай да падзей Вялікай Айчыннай вайны.
“Тая паездка літаральна перавярнула маё жыццё, – дзеліцца Гульбаршын. – Я ўлюбілася ў Беларусь. Сама працую бібліятэкарам у сельскай бібліятэцы. Стала ініцыятарам правядзення ў сяле дзён беларускай культуры, стварыла ў бібліятэцы тэматычны беларускі куток. Тэма Беларусі вельмі блізкая нам, тым больш што ў нас жывуць беларусы, якія прыехалі падчас асваення цаліны”.
У жніўні Сагындыку Топіну споў-нілася 80 год. Сваякі спыталі ў мужчыны, што яму падарыць на юбілей і ён адказаў: “Паездку ў Беларусь”. Напрыканцы жніўня Сагындык і Гульбаршын Топіны прыехалі на шумілінскую зямлю. І першае, што наведалі, – брацкія могілкі ў Язвіне.
Дзесяць дзён былі ў Беларусі Топіны: наведалі Віцебск і Мінск, пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, наведалі Крупкі, дзе пахаваны іхні зямляк Герой Савецкага Саюза Васіль Міхайлавіч Чабатароў.
На памяць пра Беларусь у Топіных застануцца не толькі цёплыя ўспаміны, а і мноства фотаздымкаў, якія дапоўняць беларускі куток у бібліятэцы аула Кагалажар Паўночна-Казахстанскай вобласці Казахстана.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.