У гандлёвым цэнтры ў Беластоку адбыўся выбух
Фота з архіву Reuters
У гандлёвым цэнтры ў польскім Беластоку на рагу вуліцаў Варшаўскай і Палацовай адбыўся выбух. На шчасце, ахвяраў не было, паведамляе rmf24.pl.
Беласток — адзін з гарадоў, найбольш папулярных сярод беларусаў: нашыя суграмадзяне часта ездзяць сюды на закупы.
Інцыдэнт здарыўся ўвечары 3 верасня. Выбуховае прыстасаванне з петардаў і кабеляў ляжала пад адным са сталоў. Яно выбухнула каля 64-гадовага службоўца, калі той пакідаў памяшканне. Гук выбуху быў настолькі моцным, што мужчына на нейкі час страціў слых. Аднак ад меддапамогі ён адмовіўся.
Ніякіх пашкоджанняў выбух не прычыніў. Побач з рэшткамі петардаў і кабеляў у пакоі таксама выявілі кантэйнеры з гаручай вадкасцю. Паліцыянты вывучаюць месца здарэння і рэшткі выбуховага прыстасавання.
Адміністратар будынка заяўляе, што яму не паступала ніякіх пагрозаў і ён не ведае, хто адказвае за выбух.
Сам гандлёвы цэнтр сёння працуе.