«Сосед» в кармане. «Белагропромбанк» предлагает своим клиентам оформить овердрафт
“Чула, што ёсць такая цікавая паслуга, калі банк залічвае на тваю картачку пэўную суму грошай, якую потым можна выкарыстаць, калі ты не ўклаўся ў зарплату ці пенсію або, напрыклад, тэрмінова спатрэбіліся дарагія лекі. Знаёмая, якая гэтым карыстаецца, казала, што ёй падабаецца: маўляў, у выпадку чаго не трэба пазычаць у суседа, а потым ісці аддаваць – “доўг” сам гасіцца, калі на картку прыходзіць зарплата. Але ж да ўсяго падобнага я стаўлюся насцярожана – не трапіць бы потым у кабалу…”
Такія разважанні давялося пачуць ад адной з нашых чытачак. Праясніць сітуацыю наконт “цікавай паслугі” мы папрасілі начальніка аддзела рознічных продажаў ЦБП №237 г.п.Ушачы Рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Мікалая Пятровіча Ганчаронка.
– Такая паслуга існуе і называецца яна авердрафт. З англійскай мовы гэта слова перакладаецца як “празмернае зняцце”, калі грошай на рахунку як бы няма, але чалавек можа зняць іх “у мінус”, а па сутнасці – узяць кароткатэрміновы крэдыт пад працэнты. Гэта як бы “падушка бяспекі” на вашай картачцы, магчымасць пазычыць фінансы, не турбуючы сяброў ці суседзяў. Калі гэта не спатрэбіцца – грошы будуць проста ляжаць на картцы, ніякія працэнты за гэта не налічаюцца. Калі ж вы не ўкладзяцеся ў бюджэт і “залезеце” ў авердрафт – банк забярэ толькі працэнты, а асноўны доўг пагашаецца пасля заканчэння дзеяння авердрафта на працягу 12 месяцаў роўнымі долямі, калі на вашу картку паступае зарплата, пенсія ці прадпрымальніцкі даход. Працэнтная стаўка на працягу трох месяцаў пасля заключэння дагавора будзе складаць 9%, потым павялічыцца да 11,5 (для работнікаў сельгасарганізацый) ці да 12% – для ўсіх астатніх. “Падушка бяспекі” можа быць рознага памеру – ад 100 да 5000 рублёў.
Варта ўлічваць, што гэтую паслугу банк прапануе не для ўсіх. Каб яе атрымаць, трэба мець беларускае грамадзянства, рэгулярны, афіцыйна пацверджаны даход у нашай краіне, узрост да 65 год, а таксама быць добранадзейным плацельшчыкам (перш чым даць “дабро” на атрыманне авердрафта, банк разгледзіць вашу крэдытную гісторыю).
Трэба сказаць, што гэта паслуга ў нашым раёне даволі папулярная – на яе падключана некалькі соцень ушачан. Каб стаць яе карыстальнікам, звярніцеся ў банк ці патэлефануйце па нумары 2-29-44. А калі няма часу і вы з’яўляецеся ўладальнікам паслугі “Інтэрнэт-банкінг” ад “Белаграпрамбанка”, то можна аформіць авердрафт дома, не ўстаючы з канапы.
Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.