На Петрыкаўшчыне патануў мужчына. Вады было – ніжэй калена
За апошні тыдзень жніўня ў рэспубліцы патанула 15 чалавек. Не абмінула бяда і наш раён – на Бобрыку патануў мужчына. Пра гэта расказаў начальнік выратавальнай станцыі Андрэй ГАЛІЦКІ.
Жыхар Аголічаў 24 жніўня апоўдні пайшоў на рыбалку на раку Бобрык. Яго аднавяскоўцы казалі, што перад тым бачылі яго нецвярозым. 27 жніўня суседзі занепакоіліся, што суседа даўно не відаць, пачалі шукаць, знайшлі на беразе ракі яго боты і вуду.
Пра здарэнне заявілі ў міліцыю. У вадзе за 150 метраў ад месца, дзе ляжалі рэчы, на глыбіне каля 20 сантыметраў знайшлі ў вадзе і іх гаспадара.
Сведак здарэння няма, рэльеф дна і берага ракі, рэчы пацярпелага сведчаць пра тое, што, хутчэй за ўсё, мужчына ў стане алкагольнага ап'янення зваліўся ў ваду з абрывістага берага, так і не пачаўшы рыбную лоўлю. Самастойна выбрацца на бераг ён не змог і пайшоў уздоўж яго па вадзе шукаць месца з пакатым берагам. Праз 150 метраў зваліўся ў ваду, падняцца так і не змог.
Добрае жаданне пасядзець на беразе з вудай і атрымаць задавальненне загубіў выпіты напярэдадні алкаголь, ён жа і стаў асноўнай прычынай здарэння.
М. ЯГОРАВА.
Фота з інтэрнэту.