Полацкая кіроўца збіла пешахода, адвезла ў шпіталь і ўцякла

Фота ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама
Кіроўца легкавога аўто збіла пешахода, завезла ў лякарню і ўцякла. Здарэнне адбылося ў Полацку 30 жніўня, перадае БЕЛТА са спасылкай на УУС Віцебскага аблвыканкама.
На вуліцы Дзяржынскага аўто наехала на 63-гадовую жанчыну, якая ішла па ўзбочыне дарогі. 60-гадовая кіроўца прапанавала пацярпелай выклікаць "хуткую", але тая адмовілася. Тады кіроўца сама завезла жанчыну ў траўмапункт. Гэтым яна парушыла правілы дарожнага руху, бо пакінула месца ДТЗ.
У траўмапункце кіроўца паведаміла фальшывыя звесткі пра сябе і з'ехала. Лекары паведамілі пра ДТЗ супрацоўнікам міліцыі.
Знайсці кіроўцу дапамог відавочца аварыі, які запомніў нумар машыны. Калі даішнікі прыйшлі да жанчыны, яна прызналася ў зробленым. Яе аўтамабіль быў у гаражы. Цяпер ідзе праверка па факце ДТЗ.