Што цікавага будзе на Дні пісьменства?

Источник материала:  
31.08.2018 — Разное
>

  Дзень беларускага пісьменства адбудзецца ў Іванаве. Свята пачнецца ўжо заўтра. Яго праграма вельмі разнастайная і прыйдзецца даспадобы не толькі іванаўцам, а і шматлікім гасцям горада.

  1 верасня шмат цікавага адбудзецца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Ф.І.Панфёрава: галерэя гістарычных асоб «Беларускія асветнікі - першадрукары», выстава-хроніка «І будуць словы землякоў гучаць над роднаю старонкай», на працягу дня да 18 гадзін будзе працаваць навукова-практычная канферэнцыя «Іванаўскія чытанні».

  Адметная падзея пачнецца ў 12 гадзін у раённым музейным комплексе імя Напалеона Орды, што ў весцы Варацэвічы: адбудзецца міжнародны «круглы стол» беларускіх і замежных літаратараў. Не менш цікавым будзе на плошчы Кастрычніка фестываль кнігі і прэсы. Тут адкрыюць павільёны, звязаныя з кнігай і гісторыяй беларускага друкарства, гледачы ўбачаць і пачуюць сучасных аўтараў, у тым ліку з Піншчыны. Мае быць прэзентацыя творчых праектаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь «PROчытанне», «Літаратура ў мастацтве», а таксама выстаўка абласных і раённых СМІ.

  Шмат выдатных мерапрыемстваў падрыхтаваў Іванаўскі раённы цэнтр культуры і народных традыцый. Тут пройдуць выстава «Беларускі буквар: сувязь пакаленняў», прысвечаная 400-годдзю першага ў свеце выдання пад назвай «Буквар» і Году малой радзімы. Да таго ж --- незвычайная выстаўка галаграм старадрукаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Запланаваны і другія цікавыя выставы з апоўдня аж да самага вечара.

  Усіх, хто апынецца ў Іванава ў гэтыя дні, чакаюць вулічныя музыкі, выставы-продажы сувенірнай прадукцыі майстроў Брэстчыны і, вядома ж, будуць працаваць гандлёвыя рады, каб удзельнікі свята змаглі падмацаваць свае сілы. Да таго ж, усе даведаюцца, хто стаў фіналістам рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў«Жывая класіка».

  Але ўсе асноўныя падзеі адбудуцца ў нядзелю, 2 верасня. У 11.00 на вуліцы 17 Верасня пачнецца адкрыццё памятнага знака, прысвечанага юбілейнаму, XXV Дню беларускага пісьменства ў Іванава. Пройдзе ўрачыстае шэсце, прысвечанае 595-годдзю горада Іванава, XXV юбілейнаму Дню беларускага пісьменства. Апоўдні ў гарадскім парку адбудзецца афіцыйнае адкрыццё свята. Сваю работу працягне фестываль кнігі і прэсы. Гараджан і гасцей чакаюць мноства цікавых сустрэч з творчай інтэлігенцыяй Беларусі. Эстафета свята будзе ўрачыста перададзена Слоніму.

Завершыцца Дзень беларускага пісьменства канцэртам мастацтваў «Льецца песня над Палессем».

Алена ЖУК

Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА

←Лукашенко – 64. Не думал ли он про пенсию?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика