У пяці навучальных установах сістэмы адукацыі раёна назначаны новыя дырэктары. ДУА «Малькавіцкая сярэдняя школа» ўзначаліў Аляксандр Лагвіновіч. У Малькавічах ён нарадзіўся і вырас, у мясцовай школе настаўнічае амаль трыццаць гадоў. Некаторы час Аляксандр Паўлавіч узначальваў гэту ўстанову, а найбольшую колькасць гадоў выкладаў геаграфію.
Дырэктарскае крэсла ў сваёй роднай школе зоймуць Валянціна Сергіеня і Наталля Берташ. Валянціна Сяргееўна, па спецыяльнасці настаўнік геаграфіі і інфарматыкі, доўгі час працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і таму добра ведае яе падводныя камяні, плюсы і мінусы ў Чудзінскай сярэдняй школе. Заўсёды якасна, не лічачыся з асабістым часам, працавала ў Дзяніскавіцкай сярэдняй школе настаўнік замежнай мовы Наталля Берташ. Яе, высокакваліфікаванага, граматнага спецыяліста, не магло не заўважыць кіраўніцтва аддзела па адукацыі райвыканкама. І таму яна сёння ў поўным сэнсе гэтага слова дырэктар.
Для Андрэя Літвіновіча прапанова ўзначаліць Кукаўскую сярэднюю школу была нечаканай, але ж доўга вагацца ў роздумах Андрэй Цімафеевіч не стаў, бо добры вопыт атрымаў за гады працы намеснікам начальніка аддзела адукацыі па фінансава-гаспадарчай дзейнасці райвыканкама, які, безумоўна, зможа скарыстаць у дырэктарскай справе.
Самы малады ў кагорце толькі-толькі назначаных дырэктараў – Валерый Казак. Яму дасталася сярэдняя школа № 1 г. Ганцавічы – адна з самых вялікіх па колькасці вучняў. Аднак разумны, амбіцыёзны і не па гадах сур’ёзны Андрэй Валер’евіч справіцца. А нават калі нешта і не атрымаецца адразу – нічога, як кажуць, «не боги горшки обжигают».
– Прызначаных на дырэктарскую пасаду чакае няпростая работа, – прызналася начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Надзея Здрок. – Аднак усе яны нарадзіліся на гэтай зямлі, ведаюць калектывы, у якія прыйшлі… Застаецца толькі пажадаць, каб не забывалі аб дабрыні і любові, былі актыўнымі і ініцыятыўнымі, а самае галоўнае – радаваліся поспехам іншых, як сваім уласным.
Надзея ТАМАШОВА.