У цэнтры ўвагі – чалавек
Ганна Трафіменка працуе спецыялістам па ідэалагічнай рабоце ААТ «Вішнявецкі-агра». Яна валодае дзелавымі якасцямі і мае высокія арганізатарскія здольнасці. Змагла сфарміраваць свой уласны стыль работы і будуе яе па наступным прынцыпе: ідэалогія – гэта сфера, дзе не трэба загадваць, а неабходна растлумачваць, разумець і верыць. Для Ганны Паўлаўны галоўнае – канкрэтны чалавек з яго інтарэсамі, запытамі і праблемамі.
Біяграфія гэтай жанчыны звычайная і, разам з тым, незвычайная. Пасля чарнобыльскай трагедыі сям’я Трафіменкаў пераехала жыць на Стаўбцоўшчыну з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці. Ганна Паўлаўна ўладкавалася на працу жывёлаводам на свінатаварны комплекс. Без адрыву ад вытворчасці скончыла Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум і атрымала павышэнне – яе прызначылі начальнікам цэха і пасаду гэтую яна займала да самай ліквідацыі вытворчага падраздзялення.
– Ганна Паўлаўна, а як вы сталі ідэолагам?
– Свінатаварны комплекс закрыўся, паўстала пытанне, куды ісці працаваць. Я была старшынёй прафкама, таму дырэктар прапанаваў мне заняць месца спецыяліста па ідэалогіі. Згадзілася, хоць крышку і хвалявалася. Працую два гады. І ведаеце, пасада гэтая па-свойму цікавая, хоць і аднімае нямала часу. Мне падабаецца быць у гушчыні калектыву, дапамагаць людзям, вырашаючы іх праблемы.
– І якой вы бачыце сваю галоўную задачу?
– Каб гаспадарка наша працвітала. А значыць, мая задача – давесці да кожнага члена калектыву значнасць яго работы. Каб чалавек разумеў для чаго ён яе робіць, і якая яго частка ў эканоміцы таварыства. Поспех залежыць ад многіх фактараў. Адзін з іх – правільна арганізаваная інфармацыйная работа, якая падмацоўваецца канкрэтнымі справамі ў вытворчай сферы.Тлумачу людзям, што для таго, каб мець высокую заработную плату, трэба добрасумленна працаваць і дабівацца пастаўленай мэты. Зразумела, не заўсёды ўсё атрымліваецца, як хацелася б, але мы дасягаем неблагіх вынікаў як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. А значыць, мы на правільным шляху.
Штогод перад пачаткам палявых работ у нашай гаспадарцы распрацоўваюцца ўмовы спаборніцтва сярод занятых у масавых кампаніях. Гэта садзейнічае іх своечасоваму і якаснаму правядзенню.
Ушаноўваем працаўнікоў па выніках палявых кампаній, перадавікоў заахвочваем матэрыяльна, а таксама і маральна – іх прозвішчы змяшчаюцца на шыльдачцы пад сцягам. Хачу адзначыць, што ў нашым таварыстве працуюць адказныя і добрасумленныя людзі, якімі мы ганарымся. Сёлета наш маладзёжны камбайнавы экіпаж у складзе Максіма Паплаўскага і Кацярыны Стралковіч выйшаў пераможцам у раёне, намалаціў тысячу тон збожжа, а вадзіцель Уладзімір Ярашэвіч першым перавёз тысячу тон збожжа.У кожнай сферы шчыруюць людзі, якія дабіваюцца высокіх паказчыкаў. У калектыве працуюць 30 маладых людзей, з іх дзевяць – маладыя спецыялісты.
– Як вы думаеце, якія якасці павінны быць уласцівы сучаснаму ідэолагу?
– Галоўнае – камунікабельнасць, тактоўнасць і павага да людзей. Важна стварыць у калектыве нармальны мікраклімат. Трэба знаходзіць асабісты падыход да людзей, бо ў кожнага свой характар. Калі не атрымалася сёння пагутарыць, магчыма работнік стаміўся, пакрыўджаны, раздражнёны, то трэба падысці да яго заўтра, калі эмоцыі пройдуць. Чалавек жыве не толькі работай, і калі дома ў яго ўсё добра, то і працуецца тады з задавальненнем. Таму важна дапамагчы яму, аказаць неабходную псіхалагічную дапамогу. Нельга заставацца раўнадушнымі.
– Арганізацыя культурна-масавых мерапрыемстваў таксама ўваходзіць у вашы абавязкі.
– Так. Гэта мая непасрэдная работа як старшыні прафсаюзнага камітэта. Усе нашы работнікі з’яўляюцца членамі прафсаюза. Для людзей арганізоўваем экскурсійныя паездкі. Прапагандуем здаровы лад жыцця, жадаючыя наведваюць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Нашы работнікі прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх конкурсах, культурных і спартыўных мерапрыемствах, якія арганізоўвае райкам прафсаюза, і займаюць пры гэтым высокія месцы. Прафкамам аказваецца матэрыяльная дапамога працаўнікам таварыства, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Выплачваем грашовае ўзнагароджанне юбілярам, даём прэміі і падарункі работнікам да дзяржаўных святаў. Ушаноўваем ветэрана вайны. На тэрыторыі сельсавета сёння пражывае толькі адзін – Юльян Мамонька, якому аказваем і грашовую дапамогу.
– А якія мерапрыемствы праводзяцца па ахове працы, умацаванні вытворчай дысцыпліны?
– Гэта сур’ёзныя пытанні, і да іх мы падыходзім з усёй адказнасцю. Строга прытрымліваемся правілаў па ахове працы. У нашым прафкаме ёсць грамадскія інспектары, якія сочаць за парушэннямі ў гэтай сферы. Калі ёсць якія праблемы, то аб гэтым адразу ж паведамляецца інжынеру па ахове працы, які прымае неадкладныя меры па іх ухіленні.
– Што б вы пажадалі работнікам свайго таварыства?
– Цярпення, старання, упэўненасці ў заўтрашнім дні, абавязкова – здароўя і міру.
– Шчырае віншаванне і вам, паважаная Ганна Паўлаўна, з самым адметным у вашым жыцці юбілеем. Жадаем поспехаў у вашай такой патрэбнай рабоце і ўсяго самага лепшага.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара