Гасцінна сустрэне Іванава
2 верасня ў г. Іванава Брэсцкай вобласці пройдзе Дзень беларускай пісьменнасці. Традыцыйна ён праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, асветы і кнігадрукавання.
Упершыню ў 1994 годзе свята было арганізавана ў Полацку. Затым яго сталіцамі былі Тураў (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Полацк (тройчы), Заслаўе (двойчы), Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў.
Дарэчы, горад Іванава размешчаны ў самым сэрцы Заходняга Палесся, дзе Беларусь мяжуе з Украінай. Яго гісторыя бярэ свой пачатак з XV стагоддзя. У тыя часы на месцы сучаснага горада знаходзілася вёска Порхава (Порхаў). У 1423 годзе, як апавядаюць летапісныя крыніцы, вялікі князь Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Вітаўт падарыў гэтую вёску з прылеглымі да яе землямі кафедральнаму сабору ў Луцку. А ў 1465 годзе біскуп Ян Ласковіч, жадаючы ўвекавечыць сваё імя, пераназваў гэты населены пункт у Янаў.
У 1965 годзе Іванава становіцца цэнтрам раёна, а праз пяць гадоў у 1971 годзе набывае статус горада, багатага і насычанага на падзеі культурнага жыцця. Асаблівым гонарам у сферы культуры раёна з’яўляюцца больш за дваццаць калектываў аматарскай творчасці, якім прысвоена ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь», «народны» і «ўзорны».
Выхадцам Іванаўшчыны з’яўляецца Напалеон Орда – мастак, музыкант, кампазітар. Зараз у вёсцы Варацэвічы, дзе знаходзіўся яго радавы маёнтак, створаны музейны комплекс. Вядома ў раёне і вёска Дастоева. Гэта былы маёнтак тых самых Дастаеўскіх, род якіх падарыў свету вялікага пісьменніка. Зараз у Дастоева паміж Траецкай царквой і школай усталяваны помнік пісьменніку.
Захаваліся ў раёне і помнікі драўлянага дойлідства: Мікалаеўская царква ў Дружылавічах, Петрапаўлаўская ў Махро, Параскевы Пятніцы ў Аполе.
2 верасня ў Іванава пройдзе адкрыццё памятнага знака, прысвечанага XXV юбілейнаму Дню беларускай пісьменнасці, а на галоўнай сцэне свята ў цэнтральным парку адбудуцца ўрачыстыя цырымоніі з уручэннем «Нацыянальнай літаратурнай прэміі». Тут жа пройдзе эстафета перадачы вымпела гораду Слоніму – сталіцы Дня беларускай пісьменнасці ў 2019 годзе.
Алена КЕДЗІК.