Нас яднае славянскі дух

Источник материала:  
29.08.2018 — Разное

Нас яднае славянскі дух

«Мы – славяне, мы – разам!» – пад такім дэвізам прайшоў фестываль прадстаўнікоў трох братніх народаў – Расіі, Украіны і Беларусі, якія жывуць імкненнямі да міру і сяброўства. Сёлета ўпершыню традыцыя вялікага славянскага свята перамясцілася ў Беларусь. Пляцоўкай было выбрана маляўнічае ўлонне турысцка-экскурсійнага комплексу «Высокі бераг».  

– Фестываль праходзіць штогод, ужо шосты раз, і кожны раз – на новым месцы, – зазначыла яго арганізатар, дырэктар прыватнага прадпрыемства па вывучэнні этнасу і культуры славян Надзея Токарава. – Тры гады таму ў яго з’явіўся «брат» – фестываль «Братанне славянскіх народаў», таму фактычна за лета мы ладзім два фестывалі. Пра палітыку мы не гаворым, ніякіх лозунгаў не выстаўляем. Наша жаданне – развівацца, сябраваць адзін з адным. На фестывалях вельмі шчырая і добразычлівая атмасфера. Ствараецца яна танцамі і карагодамі, канцэртамі, нефармальнымі чалавечымі зносінамі – тым, што аб’ядноўвае нас у адзіны народ. Украіна, Беларусь, Расія – гэта наша вялікая Радзіма.

…Мы бліжэй пазнаёміліся з удзельнікамі фестывалю, калі яны рыхтаваліся да заключнага канцэрта. Вакол сцэны раскінулі свае выстаўкі майстры народнай творчасці Стаўбцоўшчыны, побач праходзілі разнастайныя майстар-класы, а на паляне, акурат пад сонечнымі промнямі, украінская дэлегацыя рэпеціравала свой выхад. Да яе падышоў адзін з супрацоўнікаў турбазы, аматар песні Станіслаў Цвірка, і неўзабаве загучала агульна вядомае і любімае: «Распрагайце, хлопцы, коней…», «Белоруссия…». Навокал расцвіталі ўсмешкі, шырылася радасць і адчуванне адзінай сям’і.

– У Беларусі я першы раз, – падзялілася харкаўчанка, кіраўнік украінскай дэлегацыі Аляксандра Квацарук, – але адчуванні такія, што ступіла на родную зямлю. У нашай дэлегацыі ёсць прадстаўнікі Днепрапятроўска, Луганска, Палтавы… Дарога была няблізкай, але, аб’яднаўшыся, мы пераадолелі цяжкасці і трапілі на фестываль. У паўсядзённым жыцці – працуем, выхоўваем дзяцей. Стараемся, як берагіні, ствараць прастору любові і надзеі, каб нашы краіны набывалі сваю магутнасць і сілу.

Акрамя выступленняў на сцэне турбазы, насычаная пяцідзённая фестывальная праграма ўключала ў сябе экскурсіі ў Нясвіжскі і Мірскі замкі.

– Знаёмства з гэтымі гістарычнымі аб’ектамі, а таксама з жыхарамі і населенымі пунктамі Беларусі, пакінула ў нашых сяброў-славян непаўторнае ўражанне. Увага дзяржавы да гісторыі, стваральны пачатак ва ўсім, высокі ўзровень добраўпарадкавання – гэта асабліва было ацэнена, – расказала Людміла Гуркаева з Мінска і падзякавала за свята на «Высокім беразе» Надзеі Токаравай, кіраўніцтву «Высокага берага», раённаму Цэнтру культуры. Акрамя таго, арганізатары падрыхтавалі падзячнае пісьмо кіраўніцтву Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў, педагогі і вучні якой далі для ўдзельнікаў фестывалю цудоўны канцэрт.

…Падчас рэпетыцыі да заключнага акорда свята раптам загучала старадаўняя дуда – гэта адзін з удзельнікаў фестывалю расчахліў свой унікальны інструмент і напоўніў прастору настальгіяй па сапраўдным, адвечным. Многія кінулі рабіць сваё і засяродзілі ўвагу на нарастаючым гуку. Чуўся голас продкаў, покліч нашых агульных каранёў… У гушчыні шматлікіх фестывальных размоў чуліся і смачныя воклічы: «А беларускія дранікі – цудоўныя!»

Фестываль братання славянскіх народаў – гэта супольнасць аднадумцаў, святло і энергія чалавечых сэрцаў, агульны побытавы менталітэт. Гэта шчырая славянская ўсмешка і агульная мова. У іх – наша спадчына і будучае. Трэба берагчы іх, каб мір панаваў на нашай планеце!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

←Россиянина с наркотиками задержали в Минске - мужчина находился в федеральном розыске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика