Мы – Еўропа
Выбраліся на мора. Я – праз трыццаць гадоў пасля апошняга візіту да ўкраінскай радні, жонка з сынам – упершыню. Украінскі мытнік, заглядваючы ў электронную базу, з усмешкай пацікавіўся, чаму рэдка выязджаем да іх, маўляў, няўжо нажахаліся інфармацыі пра злодзеяў і рабавальнікаў? Маім словам пра фінансавы фактар не паверыў. Ну і халера яго! Хоць, калі шчыра, у галаве плавала свежая байка беларускага журналіста пра тое, як яго сям’ю абрабавалі ва Украіне бліз аўтазаправачнай станцыі. Акурат па дарозе ў Затоку – самы, кажуць, бюджэтны марскі адрас для беларусаў у гэтым годзе.
Дзве гадзіны на мяжы падаліся не такімі ўжо і доўгімі – балазе, тры машыны ў чарзе не нервавалі. І вось мы на ўкраінскім боку, узіраючыся ў навакольныя мясціны, хаты і людзей: адрозныя ад нашых ці не?
Дарэчы, параўнанне – самая нармальная методыка знаёмства з чужой (у сэнсе: замежнай) краінай. Забягаючы наперад, адзначу, што параўнанне было не на карысць паўднёвай суседкі. Па-першае, зусім хутка, літаральна з першых кіламетраў па тамтэйшых дарогах я даведаўся, што дарогі іхнія – зусім не дарогі. Яма на яміне. Некаторыя з паўкола глыбінёй.
Скарочаны з мэтай эканоміі маршрут падаўся выпрабавальным палігонам: толькі, абрадаваўшыся, што шаша роўная, разагнаўся, як трэба тэрмінова ціснуць на тармазы. Дарогі па адным раёне пралятаеш хутка і беспраблемна, а па другім – “…і калі на моры качка…”. На ўчастку аб’язной дарогі вакол Белай Царквы давялося падымаць кліранс – балазе, ёсць такая функцыя ў маім аўтамабілі. І на першай перадачы, бокам-скокам ускараскаліся на дарожную роўнядзь.
Тут, трэба сказаць, міжволі прыгадаліся нашы дарогі, петрыкаўскія, на якія мы звычайна (не без падстаў, канечне) навальваем столькі негатыўных водгукаў. Дык вось, сябры, нашы асфальтаваныя транспартныя артэрыі ў тым жа параўнанні падаліся мне зусім-такі “еўрапейскімі”.
Праўда, астатнія паўтысячы кіламетраў па ажыўленай і ўвогуле неблагой шашы да славутай Адэсы ехалася даволі добра.
Апускаю сам факт адпачынку, мажлівасць запісацца на шматлікія экскурсіі, што называецца, не адыходзячы ад касы (у сэнсе: пляжу), процьму рэкламы, што ўхваляецца, высокія кошты на мясныя і каўбасныя прадукты, білеты ў аквапарк праз распаўсюджвальнікаў таннейшыя, чым у касе аквапарка, пляжныя паслугі з “мацюгальнікам”: “Салодная цукровая кукуруза… мядовая пахлава… свежае жывое бесарабскае піва… дамашнія чыпсы... салодкія трубачкі, што абліжаш губачкі…” (сын і зараз, па прашэсці двух тыдняў, без запінкі парадыруе гэтых пахлаваношаў). А вось на тэме парадку мушу спыніцца. І не столькі дзеля крытыкі нашых украінскіх сяброў, братоў, ці як іх яшчэ можна назваць з улікам гістарычнага суседства і партнёрства, а найперш для навукі, для нашага ўсведамлення таго, што так рабіць нельга.
Не, у Затоцы смецце, канечне, збіраюць, там нават кантэйнеры адмысловыя стаяць уздоўж дарогі, толькі вось цікава, што адносіцца тое толькі да прыгожых, па-еўрапейску стыльных сядзіб, міні-гатэляў, можа быць, магазінаў. І ўсё. Для астатніх збор смецця – непатрэбная справа, галоўнае ж бо – паспець за сезон хапануць грошыкаў. Таму літаральна за дзесяць-дваццаць-трыццаць метраў ад мора адзінокія кусты і рэдкія пусткі (дзе незнарок штосьці каласальным чынам згарэла ў пажары) сталі самымі сапраўднымі сметнікамі, якія паволі, па меры нарошвання сезоннага попыту на адпачынак і тавар, прырастаюць аб’ёмамі.
Што цікава – праз кожны кіламетр уздоўж дарогі сустракаецца надпіс са словамі, маўляў, дзякуй, што не засмечваеце ўскраіны дарог. І на пляжы ёсць падобная шыльда з выявай смеццевага кантэйнера, ды толькі няма таго кантэйнера ні ў блізкім, ні ў далёкім даляглядзе.
Калі тамтэйшая радня папра-сіла падзяліцца ўражаннямі ад адпачынку ў іх мясцінах, свой водгук пра вялікае смецце мы не прыхарошвалі. Можа, гонар не распіраў, што ў нас чысцей у сто разоў, але думка пра тое сэрца грэла.
Мы ім сказалі пра тое, што ў іх больш свабоды (поглядаў, дзеянняў, рэалізацыі мар і мрой), але на парадак менш культуры (у шырокім сэнсе слова). І штосьці мне падказвае, што ўпэўненасць адэскага рыначнага гандляра азіяцкай знешнасці, што хутка да іх прыйдзе Еўропа, не апраўдаецца, бо, як кажа жонка, ім яшчэ трэба зразумець, што смецце выносіць за імі Еўропа не будзе.
Як не будзе ўсталёўваць дарожныя знакі з найменнем населеных пунктаў, бо, калі шчыра, з такой практыкай я сустракаўся ўпершыню: калі ёсць знак, які паказвае пачатак вёскі, але няма такога ў канцы населенага пункта. У прынцыпе, нічога страшнага, але для аўтамабіліста гэта насамрэч праблема, бо не дазваляе выбраць належную хуткасць. І, дарэчы, стварае прэцэдэнт для карумпаваных інспектараў руху (можа, такіх і няма ва Украіне, сцвярджаць не буду).
Паверце, сябры, я не шукаў ніякіх “жучкоў” у час свайго аўтаваяжу па Украіне і вельмі добра стаўлюся да яе як да краіны-суседкі і Радзімы маіх стрыечных братоў-сясцёр. Ды і жыць там давялося некалькі гадоў у самым маленстве, і, скажу шчыра, там адно з сёл на Жытоміршчыне нават носіць маё прозвішча. Таму я проста назіраў, што ў іх горш, чым у нас, а да чаго нам не шкодзіла б імкнуцца. Пра апошняе пагаворым калі-небудзь пазней.
Вярнуўшыся на радзіму, здаецца, неяк інакш успрынялі свой горад, можа, і не самы багаты і добраўпарадкаваны, але ж акуратны і чысты, з дарожнай разметкай, аптымальнай колькасцю знакаў і шыльдаў, дзе смецяць, але прыбіраюць – за сабой і за “тым хлопцам”.
Яшчэ каб вось крыху падцягнуцца да такога ўзроўню нашым сялянам, то можна было б з цвёрдай упэўненасцю, без кроплі сумнення адносіць сябе да еўрапейцаў. А то бывае, што работнікі вясковых прадпрыемстваў кпяць з “санітарнага дэсанта”, кінутага ім на дапамогу па просьбе раённых уладаў. Кпяць і працягваюць смяціць.
Культуру, дарагія, трэба выхоўваць! Еўропа – культурная частка свету.
Пятро ШАДУРА.
Фота аўтара.