З добрым настаўленнем
Сёння ў раёне праходзіць жнівеньская настаўніцкая канферэнцыя па тэме «Ад адукацыі і развіцця да працвітання малой радзімы».
Упрыгажэнне калектыву педагогаў раёна – маладыя спецыялісты, якія прыбылі ва ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама і прыступілі да працы ў школах, вучэбна-педагагічных комплексах, дашкольных установах і ўстановах дадатковай адукацыі.
Найбольш радуецца маладому папаўненню начальнік аддзела кадравага забеспячэння ўпраўлення Алена Варанецкая, якая дае заяўкі ў навучальныя ўстановы, першая сустракае выпускнікоў педагагічных навучальных устаноў, размяркоўвае іх на работу.
У гэтым годзе ў раён прыбылі 16 маладых спецыялістаў, у ліку іх – выпускнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка са ступенню магістра Сяргей Новікаў, настаўнік гісторыі Налібацкай СШ. Акрамя яго яшчэ два маладыя спецыялісты навучаліся па мэтавых накіраваннях. А ўсяго ў складзе прыбыўшых – 10 выпускнікоў школ нашага раёна, якія вярнуліся працаваць на сваю малую радзіму.
У добры шлях маладым педагогам!
На здымку: начальнік аддзела кадравага забеспячэння Алена Варанецкая (у цэнтры) добрыя пажаданні на працу адрасуе маладым спецыялістам Анастасіі Ермаліцкай, Яне Суднік, Вадзіму Гайкевічу, Анастасіі Анікій і Юліі Карпіевіч.
Фота Васіля ЗЯНЬКО