Жанчына спрабавала паляцець з Беларусі ў Аўстрыю па чужым пашпарце

Здымак з архіву.
Жанчына спрабавала паляцець з Беларусі ў Аўстрыю па чужым пашпарце. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, здарэнне адбылося каля 4-й гадзіны раніцы 27 жніўня ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Падчас афармлення пасажыраў на авіярэйс памежнікі заўважылі неадпаведнасці знешнасці "грамадзянкі Нідэрландаў". Была праведзена спецыяльная праверка і высветлілася, што пашпарт належыць іншаму чалавеку.
Парушальніца аказалася грамадзянкай Конга. Яна распавяла, што прыехала ў Мінск з Масквы, дзе яна купіла чужы дакумент. З яго дапамогай замежніца збіралася патрапіць у Еўрасаюз, каб застацца там на сталае жыхарства. Да высвятлення асобы жанчыны, яна будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Мінску. У яе адносінах распачаты адміністрацыйны працэс па артыкуле "незаконнае парушэнне мяжы".