Спачатку шалёны вожык, пасля — шалёны барсук
Здымак з архіву. Фота: pixabay.com
У Гродзенскім раёне шалёны барсук напаў на мужчыну. Як інфармуе рэгіянальная газета "Перспектива", пацярпеў жыхар вёскі Сыпаная Гара Верцялішкаўскага сельсавета. Раніцай ён пайшоў у лес, а дахаты вярнуўся толькі ўначы, звярнуўся па дапамогу ў траўмпункт. Вясковец распавёў, што на яго нечакана напаў барсук і пакусаў (верагодна, пацярпелі рукі).
На наступы дзень спецыялісты агледзелі месца "бойкі". Там быў знойдзены мёртвы барсук. Даследаванні паказалі, што ён быў шалёны. Два месяцы ў мясцовасці, дзе адбылося здарэнне, будуць праводзіцца супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Між іншым, запланаваны адлоў бадзячых жывёлаў і вакцынацыя жывёлаў хатніх.
Як інфармавала Еўрарадыё, днямі ў Скідзелі ў Гродзенскім раёне абвясцілі каранцін для хатніх жывёлаў. Прычынай стаў шалёны вожык — яго падабралі гараджане, але ён пасля памёр. Спецыялісты пацвердзілі, што вожык быў хворы на шаленства.