Гэта сустрэча ўжо 25-я, яна сабрала калектывы народнай творчасці з гарадоў пабрацімаў – Гродна і Беластока. Сяброўства гэта пачалося ўжо даўно і мацнее з году ў год. Свята аб’ядноўвае культурную спадчыну, актывізуе і папулярызуе працу па захаванні беларуска-польскай культуры.
«Ад імя абласнога выканаўчага камітэта вітаю ўсіх удзельнікаў фестывалю «Артыстычныя сустрэчы «Гродна-Беласток». У Год малой радзімы, с гордасцю адзначаем, што ў нашых вёсках, аграгарадках, мястэчках, гарадскіх пасёлках і раённых цэнтрах створаны ўсе ўмовы для развіцця аматарскай творчасці. Удзельнікі калектываў зберагаюць і даносяць народныя каштоўнасці не толькі Беларусі, а таксама і Польшчы», — падкрэсліла пад час вітальнай прамовы начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч.
Яскравыя выступы проста зрывалі авацыі, гледачы былі задаволеныя і сачылі за кожным крокам артыстаў. Удзельнікам не менш прыемна быць на фестывалі, і яны ахвотна дзеляцца ўражаннямі.
– На Артыстычных сустрэчах мы з калектывам упершыню, а я ўвогуле ў Гродна. Сёння мы ўсе сабраліся ў цудоўным месцы. Многа гледачоў, хвалюемся трохі, але атмасфера тут прыязная. Шмат цікавых калектываў як з Польшчы, так і з Беларусі. Гродна шматкультурнае месца і вельмі прыемна бачыць, што тут усім рады. Свет адкрыты, а песня яднае людзей. І гэта цудоўны фестываль, які дазваляе абменьвацца вопытам і знаёміцца з цікавымі людзьмі. Той, хто па жыцці ідзе з песняй, ніколі не прападзе, – рассказаў Янка Карповіч, кіраўнік польскага ансамбля «Хутар».
Беларусы таксама дзеляцца ўражаннямі:
– Мы заўсёды прымаем удзел у фестывалі, арганізацыя на высокім узроўні. Надта добра ўбачыць старых сяброў і знайсці новых, пераняць вопыт. «Артыстычныя сустрэчы» вельмі важныя, на мой погляд, яны яднаюць людзей і даруюць многа яскравых эмоцый, – расказала Алена Барэль, загадчыца аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага цэнтра культуры.
Удзельнікі калектываў Гродна і вобласці выконвалі польскія народныя кампазіцыі, а замежныя госці, ў сваю чаргу, беларускія. На сцэне таксама былі прадстаўлены запальныя народныя танцы.
– Фестываль – гэта добры спосаб паказаць сувязь паміж беларускай і польскай культурамі і іх дасягненні. Калі мы паказваем нашы спадчыны на адной сцэне, мы даносім, што важна захоўваць сувязі паміж нашымі народамі. І вельмі важна, што на Беларусі падтрымліваюць палякаў, а ў Польшчы беларусаў, – расказаў Ян Сычэўскі, старшыня галоўнага праўлення беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы.
Традыцыйна ў фінале фестывалю прагучалі дзве кампазіцыі: «Люблю наш край» і «Pieknanasza Polskacala».
– Сёння сабралася шмат гасцей з Польшчы, гарадзенцы прыйшлі паслухаць калектывы, іх многа, нават нягледзячы на пахмурны дзень. Вельмі цікава ў Гродна, я заўсёды з задавальненнем прыязджаю сюды. А фестываль – гэта яшчэ адна з магчымасцяў зрабіць нашы народы бліжэй,– падзяліўся Мечыслаў Лысы, старшыня грамадскага аб’яднання“Саюз палякаў на Беларусі”.
«Гродзенская праўда» (Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ. Фота аўтара)