Мастер на все руки! Николай Стрижонок сам построил дом и обустроил участок в деревне Звонь
Некалі на гэтае месца ў вёсцы Звонь – закінутае, зарослае бур’яном і вялізнымі, амаль векавымі дрэвамі – ніхто не звяртаў увагі. Цяпер жа яно набыло зусім іншы выгляд – праехаць міма ўчастка з катэджам, шматлікімі арыгінальнымі збудаваннямі, садам і кветнікамі проста немагчыма. Гаспадарамі ж сядзібы з’яўляюцца Мікалай Барысавіч і Надзея Несцераўна Стрыжонкі.
Цяжка паверыць, што абсалютна ўсё тут створана іх рукамі. І калі на жанчыну леглі ў асноўным “эстэтычныя” клопаты, то галава сям’і будаваў усё, як кажуць, з нуля. Ураджэнец Ільюшына доўгі час жыў у Наваполацку, працаваў на вытворчасці хімічнага валакна. З дзяцінства маючы цягу да “жалеза”, дадаткова набыў спецыяльнасць механіка. Да 2010-га займаў пасаду прараба ў адной з мантажных арганізацый, дзе атрымаў вопыт устаноўкі цеплаправодных сетак, іншыя неабходныя навыкі, што спатрэбілася яму пры абсталяванні ўласнага жылля ў Звоні. І хоць дачу сям’я Стрыжонкаў ужо мела, бліжэй да пенсіі Мікалай Барысавіч задумаўся пра набыццё новай.
– Жыць з суседзямі акно ў акно, усяго на шасці сотках было не надта камфортна, – расказвае мужчына. – А тут, у Звоні, убачыў пусты ўчастак: побач лес, возера, цішыня – лепш не прыдумаеш!
Не напужала М.Б.Стрыжонка і тое, што 20 сотак трэба было сур’ёзна даводзіць да толку. Па выхадных і падчас працоўнага водпуску прыязджаў сюды, браў у рукі касу, сякеру, іншыя інструменты і працаваў ад рання да ночы. Пазней жа вакол прыведзенай у парадак тэрыторыі паставіў агароджу, якую змайстраваў з металалому і сеткі, а на ўваходзе ўстанавіў звараныя з металу вароты з назвай вёскі і нумарам дома. Дарэчы, жылы будынак – маналітны двухпавярховы катэдж з гаражом на нулявым узроўні – таксама справа рук гаспадара. Усё ім тут прадумана ад “а” да “я”: устойлівасць будынка да халадоў, магчымасць падвядзення вады, планіроўка пакояў – каб месца хапіла не толькі ім з жонкай, але і тром дочкам з сем’ямі. Калі ж мужчына выйшаў на заслужаны адпачынак, займеў больш вольнага часу, заняўся справамі па добраўпарадкаванні. Сапраўдным упрыгожаннем двара стала альтанка з дахам з чароту. Нарыхтоўвалі гэты матэрыял разам з жонкай на бліжэйшым возеры. Для ўнукаў, а іх у сям’і Стрыжонкаў ужо 5, устанавілі вялізныя арэлі.
“Паклапацілася” пра аблічча двара і сама прырода: у свой час вялізны клён, што рос прама пад лініямі электраперадач, супрацоўнікі РЭС спілавалі, аднак той, відаць, вельмі хацеў жыць – і яго рэшткі хутка пусцілі парасткі, утварыўшы незвычайнае “ляжачае” дрэва.
Ёсць на ўчастку лазня, адрына, мангал, летняя кухня. У адной з трох цяпліц гаспадар прадугледзеў сістэму абагрэву. Сапраўдным гонарам для яго з’яўляецца майстэрня, дзе ўсе станкі сабраны сваімі рукамі. Таму і вагонку для дома не купляў – зрабіў сам. Ёсць і калодзеж, месца для якога беспамылкова вызначыў Мікалай Барысавіч. Дарэчы, у пошуку вады, дзякуючы спецыяльнаму інструменту, дапамог і многім сваім знаёмым.
– І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц – гэта пра мяне, – з усмешкай зазначае мужчына. – Умею печкі класці, каміны. Маю таксама спецыяльнасць зваршчыка і электрыка пятага разраду. Таму цяжкасцей у гаспадарчых пытаннях няма. А працаваць на зямлі я люблю!”.
Валодае Мікалай Барысавіч і садаводчымі талентамі. Неяк пацікавіўся ў знаёмага спецыяліста правіламі прышчаплення дрэў, той без асаблівых падрабязнасцей прадэманстраваў на алоўках – і якім было здзіўленне абодвух, калі на наступны год з 20 прышчэпак у новаспечанага садавода толькі адна не прыжылася. Зараз у садзе Стрыжонкаў шмат самых розных культур. Ёсць і незвычайныя: скажам, адна яблыня дае па два і нават па тры сарты пладоў, а глог (боярышник) расце як дрэва, а не кустом. Каб надаць такую форму, мужчына пастаянна зразаў парасткі.
І ўсё ж без жаночых рук у такой немалой гаспадарцы не абысціся. Таксама ўраджэнка Ільюшына, бухгалтар па адукацыі, Надзея Несцераўна – лепшы дарадца і правая рука гаспадара. Разам трымаюць падсобную гаспадарку: курэй, парсючкоў. Шматлікія кветнікі, туі, ды і навядзенне парадку ў кожным куточку двара – яе “поле дзейнасці”.
Жывуць Стрыжонкі не толькі клопатамі пра сябе – нядаўна ўзялі шэфства над тутэйшымі пенсіянерамі. Вось і ў дзень нашага візіту ў Звонь не ўдалося застаць дома гаспадыню: яна пайшла да пажылых суседзяў-дачнікаў, каб дапамагчы прыгатаваць ежу, справіцца на агародзе. Ладзілі Мікалай Барысавіч і Надзея Несцераўна разам з аднавяскоўцамі і своеасаблівыя святы населенага пункта – з песнямі, танцамі, дэманстрацыяй вырашчанага на ўласных участках.
Сядзець без справы гэтыя людзі не прывыклі. Вось і зараз складаюць планы па далейшым добраўпарадкаванні падворка. Амаль усё гатова для абсталявання тут каменных дарожак. Марыць гаспадар пра шматфункцыянальнае барбекю, плануе наладзіць кропельны паліў у цяпліцы. Ведаючы ж яго запал і працалюбства, нават не сумняваешся, што ўсё гэта стане рэальным.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.