Матацыкліст – адказны ўдзельнік дарожнага руху
У летні перыяд узрастае колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам вадзіцеляў матацыклаў і іншых двухколавых транспартных сродкаў. З мэтай павышэння ўзроўню бяспекі дарожнага руху, зніжэння цяжкасці наступстваў дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам вадзіцеляў мотатранспарту Дзяржаўтаінспекцыя РАУС праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на недапушчэнне такіх выпадкаў.
У ходзе штодзённага нагляду за дарожным рухам супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі ствараюцца рэйдавыя групы з удзелам добраахвотных дружыннікаў для прафілактыкі парушэнняў правілаў дарожнага руху вадзіцелямі двухколавых транспартных сродкаў і выяўлення канструктыўна змененых і незарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку матацыклаў, мапедаў. У асноўным работа праводзіцца паблізу арэн забаўляльных, спартыўных і іншых масавых мерапрыемстваў для моладзі, месцаў адпачынку, асабліва ў вячэрні і начны час сутак.
Таксама праводзіцца інфармацыйна-тлумачальная работа з уладальнікамі транспартных сродкаў аб парадку атрымання вадзіцельскага пасведчання, пастаноўкі матацыклаў, мапедаў на ўлік і зняцця з яго, праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду, неабходнасці абавязковага страхавання і аб адказнасці за парушэнне ўстаноўленых правілаў.
Кіраванне мотатранспартам дазволена з 16-гадовага ўзросту. З яго дасягненнем можна атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «А1″ у парадку самападрыхтоўкі. Для гэтага трэба ведаць правілы дарожнага руху, асновы аказання першай медыцынскай дапамогі. Пры станоўчых выніках здачы тэарэтычнага і практычнага экзамену, уладальнік мотатранспарту можа атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «А1″. Указаная катэгорыя адносіцца да матацыклаў з рабочым аб’ёмам рухавіка, які не перасягае 125 куб. см і мае максімальную магутнасць не больш за 11 кВт (лёгкія матацыклы).
Катэгорыя «АМ» адносіцца да мапедаў. Да іх прыраўноўваюцца веласіпеды з падвясным рухавіком, мокікі і іншыя механічныя транспартныя сродкі з аналагічнымі характарыстыкамі, якія маюць канструктыўную хуткасць руху не больш за 50 км/гадз. Для атрымання катэгорыі «АМ» неабходна станоўча здаць тэарэтычны экзамен (магчыма таксама ў парадку самападрыхтоўкі).
Асоба, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту, можа атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі «А», пры гэтым неабходна мець стаж ваджэння катэгорыі «А1″ не менш за два гады. Для датэрміновага атрымання катэгорыі «А» неабходна прайсці навучанне ў спецыялізаваных арганізацыях, або прайсці перападрыхтоўку ў выпадку, калі маецца вадзіцельскае пасведчанне адной з катэгорый – «В», «С» ці «Д».
Здача тэарэтычнага экзамену праводзіцца ў МРЭА АДАІ з аўторка па суботу з 09.00 да 12.00 і з 13.00 да 15:00. Здача практычнага экзамену па ваджэнні матацыкла ажыццяўляецца ў пятніцу.
Падчас звароту пры сабе неабходна мець дакумент, які пацвярджае асобу (пашпарт), медыцынскую даведку аб допуску да кіравання транспартным сродкам адпаведнай катэгорыі, квітанцыю аб аплаце дзяржпошліны.
Рэгістрацыя транспартных сродкаў (у тым ліку і мотатранспарту) праводзіцца ў МРЭА АДАІ з аўторка па суботу. Падчас рэгістрацыі праводзіцца і агляд транспартнага сродку. Пры сабе таксама неабходна мець неабходныя дакументы.
Нагадваем, што кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае вадзіцельскага пасведчання, караецца штрафам у памеры ад 5 да 20 базавых велічынь. За паўторнае парушэнне на працягу года прадугледжаны штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
ДАІ звяртаецца да грамадзян з просьбай спыняць спробы людзей без вадзіцельскіх пасведчанняў і ў стане алкагольнага ап’янення кіраваць матацыкламі, скутарамі, мапедамі і веласіпедамі. Паведамляйце аб такіх выпадках па тэлефонах 102, 5-19-15.
Аддзел ДАІ РАУС
Фота Васіля ЗЯНЬКО