Славутыя землякi Пiншчыны. Доктар біялагічных навук, прафесар Аляксандр Патапавіч Валынец
Аляксандр Патапавіч Валынец (1935), вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін, лаўрэат прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы (1996), прэміі НАН Беларусі (2007)
Аляксандр Патапавіч Валынец нарадзіўся 2 лютага 1935 года ў вёсцы Берказы Пінскага павета (цяпер Дубайскага сельсавета Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і чыгуначніка. Бацька працаваў пуцявым абходчыкам. Дзяцінства Аляксандра прайшло ў гады нямецкай акупацыі Піншчыны і ў цяжкі пасляваенны час. З 1944 года вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, потым – у Паняціцкай сямігадовай, Малоткавіцкай сярэдняй школах.
Пасля заканчэння Малоткавіцкай СШ (1954) Аляксандр Валынец паступіў на хіміка-біялагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, які закончыў на выдатна ў 1960 годзе. Студэнтам двойчы ўдзельнічаў у асваенні цалінных зямель у Казахстане. Працаваў настаўнікам хіміі і біялогіі у Жытамлянскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна.
3 1961 года А. П. Волынец займаўся ў аспірантуры пры Інстытуце біялогіі АН БССР (цяпер Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі) пад кіраўніцтвам доктара біялагічных навук, прафесара Сяргея Міхайлавіча Маштакова (1905–1970). Працаваў у лабараторыі стымуляцыі росту раслін і гербіцыдаў (з 1963 – лабараторыя хімічнай рэгуляцыі росту і развіцця раслін). Абараніў кандыдацкую дысертацыю “Анатомо-морфологическая характеристика устойчивости сортов льна-долгунца к натриевым солям 2,4-Д и 2М-4Х” (1964). У 1974 годзе паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную даследаванню анатама-марфалагічных і фізіёлага-біяхімічных асаблівасцей выбіральнасці дзеяння гербіцыдаў.
З 1982 па 2006 гады Аляксандр Патапавіч працаваў загадчыкам лабараторыі фізіялогіі патагенеза і хвораўстойлівасці раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча. У гэты перыяд лабараторыя пашырыла тэматыку даследаванняў у вобласці вывучэння накіраванай рэгуляцыі хваробаўстойлівасці раслін з дапамогай прыродных рэгулятараў росту.
А. П. Валынец – заснавальнік беларускай школы эндагенных рэгулятараў росту і развіцця раслін, фізіялогіі фітаімунітэта і абароны раслін. У 1997 годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара. У 2007 годзе ўзнагароджаны прэміяй НАН Беларусі за ўклад у распрацоўку рэгулятарных асноў фітаімунітэта.
Аўтар навуковых прац па фізіялогіі дзеяння гербіцыдаў, рэгулятарных механізмаў патагенезу і фітаімунітэту. Выявіў здольнасць прыродных фенолаў рэгуляваць рост клетак расцягваннем. Распрацаваў метады аналізу фітагармонаў і фенольных злучэнняў, спосабы павелічэння ўстойлівасці і прадукцыйнасці раслін. Аўтар больш за 340 навуковых прац, 8-мі манаграфій і 8-мі патэнтаў на вынаходніцтвы. Падрыхтаваў 8 кандыдатаў біялагічных навук.
Аляксандр Патапавіч узнагароджаны медалём «За освоение целинных земель» і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1981). У 1996 і ў 2007 гадах за цыкл работ па фітаімунітэту злакаў узнагароджаны дыпломамі і прэміямі прэзідэнтаў Нацыянальных Акадэмій навук Украіны, Малдовы і Беларусі. У 2010 годзе знагароджаны нагрудным знакам “У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”.