Дзень беларускага пісьменства-2018 пройдзе ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах — цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.
Юбілейны дваццаць пяты Дзень беларускага пісьменства у 2018 годзе пройдзе ў кантэксце тэматыкі «Мая малая радзіма» у горадзе Іванава Брэсцкай вобласці.
Штогадова ў святочных мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства прымаюць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі міністэрстваў, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.
За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй рэспубліцы. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.
Сярод асноўных мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства:
- – урачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, заснавальнікамі якога з’яўляюцца грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі», Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, іншыя зацікаўленыя;
- – «круглы стол» з удзелам замежных паэтаў і пісьменнікаў, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі», РВУ «Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура»;
- – навукова-практычная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навуковых устаноў нашай краіны;
- – узнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», накіраванага на павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых прыкладах нацыянальнай літаратуры, пошук і падтрымку таленавітай моладзі. Заснавальнікамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Састаўной часткай Дня беларускага пісьменства традыцыйна з’яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і завяршае свой шлях у сталіцы правядзення свята.
У рамках Дня беларускага пісьменства Міністэрствам інфармацыі праводзіцца Фестываль кнігі і прэсы, на якім працуюць кніжныя выставачныя павільёны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ, гандлёвыя павільёны і палаткі. Падчас правядзення Фестывалю госці свята сустракаюцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, праводзяцца прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, арганізуюцца выступленні мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў.