Абласныя «Дажынкі» сёлета пройдуць 8 верасня ў Высокім. Цяпер тут поўным ходам ідзе падрыхтоўка да свята. Невялікі гарадок у Камянецкім раёне ўжо значна змяніў свой выгляд. Усе асноўныя вуліцы (а гэта каля дваццаці кіламетраў) апрануліся ў новае асфальтавае пакрыццё, у скверах пакладзена плітка, калядваровыя пляцоўкі ўпрыгожаны бардзюрамі.
Зусім не пазнаць цэнтральную плошчу перад гарвыканкамам. Адсюль убралі старыя аднапавярховыя дамы, і цяпер адкрыўся від на ззяючыя купалы праваслаўнай царквы і перспектыву прасторы, дзе разгорнецца будучае свята ўраджаю.
– Але гэта толькі знешні бок велізарнага аб’ёму работ, якія вядуцца напярэдадні «Дажынак», – распавядае старшыня Высокаўскага гарвыканкама Аляксандр Рагальчук. – Выкананы не менш значныя работы, якіх з першага погляду і не бачна. Працаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў рамках падрыхтоўкі да свята абнавілі 2,7 кіламетра цепласетак, тэхналагічна ўдасканалілі многія праблемныя вузлы водазабеспячэння. Завяршаецца капітальны рамонт 40-кватэрнага дома па вуліцы Будаўнічай. Дапамагаюць у вырашэнні многіх перадсвяточных пытанняў мясцовыя прадпрыемствы – ААТ «Аграпрадукт», кампанія «Белавежскія сыры», сельскагаспадарчыя арганізацыі. Ужо складзена цікавая культурная праграма з прыцягненнем як прафесійных, так і самадзейных артыстаў.
Свята ўраджаю стане адказным экзаменам і для мясцовай спажыўкааперацыі. «Усяго на «Дажынках» у Высокім плануецца арганізаваць у сістэме грамадскага харчавання 1400 пасадачных месцаў, – кажа начальнік Высокаўскага ўчастка Камянецкага райспажыўтаварыства Соф’я Альхова. – З іх 400 павінна забяспечыць мясцовая спажыўкааперацыя. Акрамя нас, частаваць гасцей «Дажынак» будуць яшчэ шэсць райспажыўтаварыстваў Брэстчыны. Ужо размеркаваны пляцоўкі, дзе будзе разгорнуты выязны гандаль, акрамя таго, сваю прадукцыю прывязуць вядучыя перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці. На гэтым фоне мы, вядома ж, пастараемся і спадабацца, і здзівіць гасцей свята сваімі традыцыйнымі далікатэсамі».
…Раённыя – у Хатынічах
Актыўна вядуцца і падрыхтоўчыя работы да раённых «Дажынак», якія сёлета пройдуць у аграгарадку Хатынічы 15 верасня. Безумоўна, параўноўваць магчымасці вобласці і раёна не даводзіцца – розныя фінансавыя катэгорыі. Тым не менш, у Хатынічах робіцца ўсё, што залежыць ад раённай і сельскай улады, каб падрыхтаваць гэты населены пункт да святочнага мерапрыемства.
– Само свята будзе праходзіць у парку, – расказвае старшыня Хатыніцкага сельвыканкама Генадзь Перашчук. – Таму ў першую чаргу наводзім тут парадак. – Абнаўляем дарожкі, устанаўліваем дэкаратыўныя архітэктурныя формы, плануем зрабіць новую альтанку, ратонду, устанавіць уздоўж дарожкі ліхтары. Значную дапамогу ў правядзенні падрыхтоўчых работ аказваюць прадпрымальнікі. Так, наш зямляк Віктар Казак узяўся зрабіць ратонду, таварыства з абмежаванай адказнасцю «ВудПлэйс» – альтанку, хатыніцкія індывідуальныя прадпрымальнікі Уладзімір Канановіч і Юрый Шамрыла падтрымалі фінансава. Вялікі ім за гэта дзякуй! Спадзяёмся, што адгукнуцца на нашу просьбу аб дапамозе і іншыя прадстаўнікі малога бізнесу. Мы звяртаемся і да жыхароў аграгарадка, каб яны навялі парадак на сваіх падворках. Гасцей трэба сустрэць гасцінна ў добраўпарадкаваным і ўпрыгожаным агульным доме.
– А наша галоўная задача – дасягненне найлепшых вытворчых паказчыкаў, – дадае дырэктар ААТ «Хатынічы» Міхаіл Сергіеня. – І калектыў гаспадаркі пастараўся зрабіць усё магчымае, каб атрымаць добры ўраджай, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Мы ўжо закончылі ўборку асноўных збожжавых культур, акрамя позніх яравых і кукурузы, намалацілі 1831 тону зерня – у сярэднім па 22,4 цэнтнера з гектара. Па сёлетніх мерках гэта неблагая ўраджайнасць. Цяпер актыўна займаемся нарыхтоўкай кармоў, падрыхтоўкай глебы і сяўбой азімых. Асаблівую стаўку робім на азімы рапс. Пры плане 230 гектараў пасеялі ўжо яго на 300 гектарах. Гэта культура вельмі выгадная для земляробаў, прыбытковая. Так што сустракаем раённыя «Дажынкі» з добрым настроем.
Вячаслаў БУРДЫКА.