На вопросы читателей газеты отвечает нотариус
Пра спадчыну і адмену даверанасці
Нядаўна ў рэдакцыі раённай газеты “прамую лінію” правяла натарыус Віцебскай натарыяльнай акругі Анжэла Хасратава. Сёння на старонках раённай газеты мы друкуем самыя актуальныя пытанні, якія паступілі ад нашых чытачоў.
Мой бацька памёр 18 год таму. На дзень яго смерці я разам з маці быў зарэгістраваны ў доме. Дом належаў бацьку. Зараз я зарэгістраваны і пражываю па іншым адрасе. Ці ёсць у бацькавым доме мая доля?
– Калі ваш бацька змяніў лёс дома завяшчаннем, гэта значыць пазбавіў вас спадчыны, не ўказаўшы вас у завяшчанні як наследніка, і калі вы на дзень смерці бацькі былі непрацаздольным па ўзросце альбо хварэлі, тады ў вас ёсць доля (абавязковая) па спадчыне. Калі адсутнічае завяшчанне, наследаванне наступае па законе, і вы як наследнік першай чаргі, нягледзячы на тое, што сталі пражываць пасля смерці бацькі ў іншым доме, маеце долю ў гэтым доме. І для афармлення спадчынных правоў вам неабходна звярнуцца ў натарыяльную кантору.
Мы з мужам пабудавалі кватэру па льготным крэдыце, кватэра аформлена на імя мужа. Зараз ён жыве ў іншай сям’і і за крэдыт не плаціць, кажа, што кватэра яму не патрэбна, хоча ад яе адмовіцца. Як ён гэта можа зрабіць?
– Пра адмову ад права ўласнасці на кватэру размовы быць не можа. Кватэра вамі набыта ў час шлюбу і з’яўляецца вашай агульнай сумеснай уласнасцю. З такой нерухомасцю здзелкі забаронены з-за таго, што на кватэру накладзены абмежаванні правоў – іпатэка і забарона на адчужэнне. У вашай сітуацыі можна заключыць Шлюбны дагавор і вызначыць прававы рэжым гэтай кватэры і нават на выпадак скасавання шлюбу паміж вамі. Пасля гэтага зрабіць дзяржаўную рэгістрацыю дагавора і заснаваных на ім правоў у Шумілінскім бюро Віцебскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры на ваша імя.
Я рабіла даверанасць на пляменніцу на атрыманне грошай у банку з майго рахунка, туды пералічваюць маю пенсію з іншай дзяржавы. Падазраю, што мяне абманвае пляменніца наконт атрыманых сум грошай. Я не хачу, каб яна працягвала атрымліваць іх. Як быць?
– Даверанасць неабходна адмяніць, звярнуўшыся ў натарыяльную кантору. Для адмены даверанасці вам неабходна заплаціць натарыяльны тарыф ў памеры 24 рублі 50 капеек.
Ці магу я засведчыць даверанасць на валоданне, карыстанне і распараджэнне аўтама-білем на імя грамадзяніна Расійскай Федэрацыі?
–Так, засведчыць такую даверанасць можна ў любога натарыуса. Натарыус правярае прыналежнасць транспартнага сродку па пасведчанні аб рэгістрацыі транспартнага сродку на імя ўласніка і пастаноўку транспартнага сродку на ўліку ў органах ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь.
Мая цёця знаходзіцца ў доме састарэлых. Яна ляжачая. Як зрабіць даверанасць на распараджэнне яе ўкладаў?
– Даверанасць можа засведчыць кіраўнік (яго намеснік) дадзенай установы сацыяльнай абароны насельніцтва. Іх даверанасці прыроўнены да натарыяльна засведчаных. Альбо можна звярнуцца да натарыуса.
Мне трэба прадаць КамАЗ у растэрміноўку. Дзе я гэта магу зрабіць? Машына стаіць на ўліку ў ДАІ Полацка?
– Указаную здзелку можна аформіць у любога натарыуса.
На “прамой лініі” прысутнічала Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №62 ад 14.08.2018 г