В Ушачском районе созданы отличные условия для занятия спортом
Развіццё фізічнай культуры і спорту ў нашай краіне з’яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка неаднойчы падкрэсліваў важнасць арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы, як самага таннага шляху да здароўя нацыі. Вырашэнне гэтых задач у нашым раёне разглядалася на апошнім пасяджэнні прэзідыума Ушацкага раённага Савета дэпутатаў, удзел у якім прыняў і старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка.
На сённяшні дзень у раёне створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам. Пераканацца ў гэтым члены прэзідыума і запрошаныя госці змаглі падчас аглядавай экскурсіі па фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Юнацтва-Ушачы”. Як справядліва зазначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, гэты аб’ект – сапраўдны гонар нашага раёна. І калі ў басейне ці ўніверсальнай зале паспелі пабываць многія, то, напрыклад, у зал барацьбы ці дзіцячы гульнявы пакой большасць завіталі ўпершыню. Прадоўжылася ж пасяджэнне ў канферэнц-зале, дзе справаздачу трымаў загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама С.І.Ціханёнак.
У раёне дзейнічае 14 спартыўных залаў, 44 плоскасныя пляцоўкі. Падрыхтоўкай спартыўнага рэзерву займаецца дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. За мінулы год і прайшоўшы перыяд бягучага яе выхаванцы занялі 62 прызавыя месцы на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Фізкультурна-спартыўны клуб адказвае за арганізацыю спартыўна-масавай работы, папулярызацыю фізкультуры і спорту сярод жыхароў раёна. На сённяшні дзень колькасць тых, хто займаецца спортам, складае 22,9 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва, пры буйных арганізацыях раёна створана 25 клубаў.
За мінулы год праведзена 66 спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў, у якіх прыняло ўдзел больш за 3 тысячы чалавек. Найбольш масавымі сталі Дзень снегу, спартакіяда працоўных калектываў. У той жа час заявіць аб сабе на раённых чэмпіянатах па валейболе і футболе пажадалі адзінкі. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі раённых мерапрыемстваў з’яўляюцца калектывы УП ЖКГ, ДЮСШ, РАНС, Ушацкай школы, райбальніцы, ТЦСАН, райспажыўтаварыства. Не лепшым чынам арганізавана спартыўна-масавая работа ў сельгасарганізацыях раёна: за аналізуемы перыяд у асобных мерапрыемствах прымалі ўдзел толькі ААТ “Ільюшынскі” і КУСГП “Глыбачаны”. У 2017-м не быў праведзены агляд-конкурс на лепшую арганізацыю спартыўна-масавай работы, гэты прабел плануецца запоўніць сёлета.
Трэба сказаць, што да заняткаў фізкультурай і спортам прыцягваюцца ўсе слаі насельніцтва. У мінулым годзе сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва створаны дзве групы адаптыўнай фізкультуры для інвалідаў колькасцю 24 чалавекі. Напрыклад, на базе Ільюшынскай школы жадаючыя наведваюць секцыю валейбола, у Арэхаўне – настольнага тэнісу, ва Ушачах – футбола. Таксама сёлета пры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе адкрыта аддзяленне па плаванні.
І калі жыхары гарпасёлка даволі актыўна карыстаюцца створанымі ўмовамі і займаюцца фізічнай культурай і спортам, то ў сельскай мясцовасці сітуацыя складваецца не лепшым чынам. Таму, як адзначыў С.І.Ціханёнак, разглядаецца пытанне курсіравання спецыяльнага аўтобуса, які будзе накіроўвацца ў сельскія населеныя пункты і дастаўляць грамадзян на комплекс. Зразумела, што за адным чалавекам транспарт адпраўляць немэтазгодна, таму старшыням сельвыканкамаў даручана падаць заяўкі, з якіх вёсак набярэцца неабходная колькасць жадаючых. Пасля гэтага будзе разлічаны кошт паездкі, далей – справа толькі за жаданнем вяскоўцаў.
Пра напаўняльнасць фізкультурна-аздараўленчага комплексу ішла асобная гаворка. У мэтах рэкламы яго паслуг выраблена пяць банераў, якія ў бліжэйшы час размесцяцца на аўтамабільных трасах і на ўездзе ў гарадскі пасёлак. Акрамя гэтага, пра “Юнацтва- Ушачы” зняты спецыяльны фільм, які знаходзіцца ў стадыі дапрацоўкі. Мяркуецца шырэй рэкламаваць спартыўны аб’ект у інтэрнэце, у тым ліку ў шматлікіх сацыяльных сетках. Менавіта наш комплекс ужо станавіўся базай для трэніровачных збораў нацыянальнай каманды па дзюдо, гандбольнага клуба “Віцябчанка”, каманды цэнтра алімпійскага рэзерву па водных відах спорту г.Мінска і іншых. Прафесійных спартсменаў прыцягвае ўніверсальная спартыўная зала, прасторны басейн, трэнажорка з сучасным абсталяваннем, аднак колькасць месцаў для пражывання тут невялікая. Каб выправіць гэтую акалічнасць і зрабіць “Юнацтва-Ушачы” найлепшым месцам для трэніровак і правядзення спаборніцтваў розных узроўняў, побач з фізкультурна-аздараўленчым комплексам плануецца ўзвесці гасцініцу на 50 месцаў, падрыхтоўчыя работы ўжо вядуцца. Таксама ў планах абсталяванне прылягаючай тэрыторыі і спецыяльнай футбольнай пляцоўкі.
Вольга КАМАРКОВА.