23 августа свой профессиональный праздник отмечают работники статистики

Источник материала:  
22.08.2018 — Разное

Чалавек схільны ідэалізаваць мінулае, таму нярэдка можна пачуць меркаванні накшталт “вось раней і дрэвы былі вышэйшымі, і сем’і багацейшымі…” А сапраўды, як змяніўся за апошні час дабрабыт беларусаў? Высветліць гэтае пытанне дапаможа простае параўнанне статыстычных лічбаў. Так, напрыклад, у 2000 годзе тэлевізар мела 79,3 працэнта беларускіх сем’яў, а камп’ютар – толькі 1,6 працэнта, а па дадзеных за 2017 гэтыя лічбы склалі адпаведна 98,4 і 67,9 працэнта. Калі на пачатку стагоддзя мікрахвалевыя печы і пральныя машыны-аўтаматы былі ўнікальнай з’явай, то зараз яны аблягчаюць дамашнюю працу 72,8 і 87,5 працэнта айчынных гаспадынь. Характэрным паказчыкам дабрабыту лічыцца размеркаванне сямейнага бюджэту. Дык вось, у тым жа 2000-м нашы сем’і выдаткоўвалі на харчаванне аж 59,6 працэнта свайго сукупнага даходу, на прамысловыя тавары прыходзілася 25,3, а на аплату паслуг – 9,8, летась жа беларусы “праелі” 40,7 працэнта сямейных сродкаў, на нехарчовыя рэчы пусцілі 31,8, а за паслугі аддалі 24,5 працэнта бюджэту. Тая ж статыстыка ставіць пад сумненне і меркаванне пра алкагалізацыю нацыі: так, на пачатку стагоддзя 5,3 працэнта грошай сярэднестатыстычнай ячэйкі грамадства ішло на набыццё гарэлкі ды тытуню, зараз жа – толькі 3.

Усе гэтыя і безліч іншых цікавых лічбаў можна знайсці на сайце Белстата. Ну а збіраюць даныя, з якіх выводзіцца афіцыйная справаздачнасць, спецыялісты па правядзенні абследаванняў. У аддзеле статыстыкі Ушацкага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці гэта скрупулёзная работа даручана дзвюм абаяльным жанчынам – Наталлі Машчонак і Наталіі Барысавай (на здымку).23 августа свой профессиональный праздник отмечают работники статистики

Абедзве працуюць у аддзеле сёмы год і за гэты час дасканала вывучылі сваю справу. А вось “сектары” ў спецыялістаў розныя. Н.Барысава даследуе матэрыяльнае становішча хатніх гаспадарак па гарпасёлку, а яе калега збірае і апрацоўвае звесткі па ўзроўні жыцця вяскоўцаў і вядзенні імі асабістай падсобнай гаспадаркі. Вядома ж, пад увагу трапляюць не ўсе сем’і раёна. Аб’екты для даследаванняў штогод вызначаюцца Галоўным статыстычным упраўленнем шляхам выпадковага выбару з дапамогай адмысловай камп’ютарнай праграмы. Затым спецыялісты ідуць па “выйграўшых” адрасах і заключаюць з гаспадарамі домаўладанняў пагадненні, згодна якіх тыя штодня заносяць у спецыяльныя сшыткі падрабязныя звесткі пра свае даходы і расходы, вядзенне падсобнай гаспадаркі. Вядома ж, уся інфармацыя строга канфідэнцыяльная, а за ўдзел у даследаванні грамадзянам выплачваецца матэрыяльнае ўзнагароджанне. “Перыядычна мы, як тыя настаўнікі, правяраем сшыткі, – расказваюць Н.Барысава і Н.Машчонак. – Робім гэта вельмі ўважліва, сочым, каб нашы рэспандэнты нічога не ўпусцілі і не сказілі інфармацыю. Так, калі жанчына на працягу трох месяцаў не адлюстроўвае ў запісах выдаткі на паслугі цырульні, ці, напрыклад, у пераліку набыцця нехарчовых тавараў прысутнічаюць шпалеры, але няма клею для іх, удакладняем гэтыя пункты. Потым апрацоўваем вынікі і перадаём звесткі ў Галоўнае ўпраўленне, адкуль яны ўжо паступаюць у Белстат”.

У нашым раёне для маніторынгу па ўзроўні жыцця зараз адабраны 40 домаўладанняў жыхароў райцэнтра і 15 – у сельскай мясцовасці. Акрамя таго пад увагай статыстыкаў знаходзяцца 30 сем’яў, што вядуць падсобную гаспадарку ў аграгарадку Ільюшына і вёсцы Старынка. Даследаванні па гэтым напрамку таксама вельмі скрупулёзныя і падрабязныя: у сшыткі штодня заносіцца літаральна ўсё – ад масы спажытых жывёлай і птушкай кармоў, да колькасці атрыманых малака, яек і мёду. Асобна ўлічваецца і прадукцыя агародніцтва. Сабраныя звесткі фарміруюць поўную карціну гэтай сферы вытворчасці, улічваюцца пры прыняцці мер па яе дзяржаўнай падтрымцы.

Перыядычна спецыялісты праводзяць са сваімі рэспандэнтамі і іншыя апытанні – напрыклад, пра наяўнасць у іх аўтамабіляў, тэлефонаў і падобных так званых прадметаў доўгага карыстання. Нядаўна ўшачане расказвалі пра тое, на што трацяць свой час, аналізавалі дынаміку змянення цэн на тавары.

Як і ў любой іншай сферы, спецыялістам па правядзенні даследаванняў даводзіцца сустракацца ў сваёй рабоце і са складанасцямі. Не ўсе рэспандэнты бываюць адказнымі і добразычлівымі, асабліва няпроста працаваць з нядобранадзейнымі сем’ямі – а трапляюць у выбарку і такія. Бывае, што абход домаўладанняў утойвае сапраўдную небяспеку – у практыцы жанчын не адзінкавыя выпадкі, калі даводзілася ратавацца ад сабак, што вольна гуляюць па падворках. Часам кліентамі статыстыкаў становяцца адзінокія знямоглыя людзі, якім яны дапамагаюць не толькі весці ўлік, а і купляюць лекі, падтрымліваюць спагадлівай бяседай.

“Прафесія наша вельмі цікавая! Ні на якую іншую яе не прамяняем!” – у адзін голас кажуць Наталля Машчонак і Наталія Барысава. Магчыма, плён іх дзейнасці на надта прыкметны: яны не ствараюць матэрыяльных даброт, не папаўняюць бюджэт, аднак вынікі іх работы непасрэдна ўплываюць на прыняцце правільных рашэнняў, а значыць, спрыяюць развіццю дзяржавы.

Н.БАГДАНОВІЧ.

←Совершенствовать деятельность госорганов в реализации молодёжной политики

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика