Асіповічы: хроніка здарэнняў
РАУС
На мінулым тыдні ў жыхара Забалацця выяўлена і канфіскавана 5,58 г марыхуаны, у грамадзянкі з Татаркі скрадзены кампрэсар ад халадзільніка, з камеры захоўвання магазіна “Капейка” ПГУП “Геленген-торг” шляхам падбору ключа — сумка з лякарствамі і кашальком, у якім знаходзілася каля 60 рублёў, з кватэры дома па вул. Сумчанкі пры невядомых абставінах знікла 500 долараў. 17 чысла ў 62-гадовага асіпаўчаніна скралі мапед коштам 1230 рублёў. Днём пазней бабруйчанін адпачываў на беразе Свіслачы ля Вяззя і стаў ахвярай злодзея, які пасквапіўся на дарожны веласіпед, 2 спінінгі, рукзак і мабільны тэлефон. Складзены адміністрацыйныя пратаколы на 4 грамадзян за крадзеж дызпаліва, кукурузных пачаткаў і незаконную прыёмку лому чорных металаў. 6 чалавек з траўмамі розных ступеней цяжкасці дастаўлены ў ЦРБ. Выяўлены труп без бачных прыкмет гвалтоўнай смерці, адзін чалавек смяротна траўміраваны, яшчэ адзін скончыў жыццё самагубствам.
РАСК
Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да 22-гадовага асіпаўчаніна, які ўступіў у палавыя адносіны з непаўналетняй.
ДАI
Папярэджана 104 парушэнні правілаў дарожнага руху, да адказнасці прыцягнуты 2 нецвярозыя вадзіцелі, 9 “бяспраўнікаў”, 13 пешаходаў, 10 парушальнікаў хуткаснага рэжыму. Адбылося 14 ДТЗ.
У 2 дарожна-транспартных здарэннях пацярпелі 9-гадовы хлопчык (з пераломамі трапіў у бальніцу) і 82-гадовая жанчына (ад атрыманых траўм памерла). У ходзе комплексных мерапрыемстваў з 8 па 17 жніўня прыцягнута да адказнасці 166 чалавек, найбольш з іх — за парушэнне правіл перавозкі грузаў або пасажыраў.
РАНС
Адбылося 2 пажары. У Градзянцы агнём знішчаны 4 надворныя пабудовы, у Вярэйцах — пашкоджаны сцены і дах нежылога дома.
IАЖіРС
Складзена 6 адміністрацыйных пратаколаў за парушэнне правіл лесакарыстання, 3 — незаконную здабычу рыбы.