Найкаштоўнейшы скарб зямлі – мова яе людзей...

Источник материала:  
17.08.2018 — Разное
Найкаштоўнейшы скарб зямлі – мова яе людзей...

 2 верасня на Брэстчыне ў Іванаве – старажытным Янаве – пройдзе вялікае рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства.

Стварэнне пісьменства народам – ягоны велізарнейшы эвалюцыйны крок у культурным і духоўным развіцці. Мы разумеем сёння гэта, і такі святочныя дзень таму доказ. Мы разумеем і іншае, пра што неаднаразова казаў Прэзідэнт краіны: без беларускай мовы  не можа існаваць беларускай нацыі. І таму так важна не згубіць ні слоўца з нашай багацейшай – і гэта сёння пацвярджаюць усе мовазнаўцы – моўна-лексічнай спадчыны.

І гэта разумеў розумам, адчуваў сэрцам і душой педагог, пісьменнік, краязнавец, этнограф, збіральнік самабытнай народнай лексікі Алесь Зайка.
12 жніўня гэтага года яму б споўнілася толькі  70 гадоў з дня нараджэння. Але лёс не даў нам разам адсвяткаваць гэтую дату. Алесь Фаміч раптоўна памёр.
Ён  нарадзіўся 12 жніўня 1948 г. у вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Школьнікам Алесь палюбіў літаратуру, пісаў апавяданні, перамог у абласным конкурсе юных паэтаў і празаікаў. У 1966 скончыў Косаўскую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Вучыўся ў выдатнага педагога Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, пасябраваў з паэтамі Алесем Разанавым, Міколай Пракаповічам, Алесем Каско. Скончыў інстытут у 1971 г. Пасля тэрміновай службы ў Савецкай арміі (служыў у Маскоўскай вобласці) вярнуўся ў родную вёску, працаваў у Запалян-
скай сярэдняй школе спачатку настаўнікам фізкультуры, затым – беларускай мовы і літаратуры, прывіваў вучням павагу і любоў да роднай мовы. Выйшаў на пенсію, ды не парываў сувязі са школай – загадваў школьным этнаграфічным музеем. 
Найкаштоўнейшы скарб зямлі – мова яе людзей...

Усё жыццё Алесь Фаміч збіраў фальклор, запісваў крылатыя словы, дыялекты, выслоўі. На матацыкле аб’ехаў палову Беларусі. Днямі і тыднямі працаваў у архівах Брэста, Мінска, Львова і розных бібліятэках, старанна выпісваў звесткі пра Івацэвіччыну, яе вёскі і гістарычныя падзеі. 
Улюбёны ў родную зямлю, яе багатую мову, ён, як дзіця, цешыўся з новых лексічных знаходак, ніводнае трапнае слоўца, новы фразеалагізм не заставаліся незаўважнымі. Яго артыкулы па даўнім і нядаўнім гістарычным мінулым раёна пастаянна друкаваліся ў раённай газеце «Івацэвіцкі веснік» і іншых выданнях, з цікавасцю і ўдзячнасцю сустракаліся чытачамі. Пасля прыйшоў час падсумавання – і пачалі выходзіць ягоныя этнаграфічныя і мовазнаўчыя кнігі: «Дыялектны слоўнік Косаўшчыны» (2011), «Населеныя пункты Івацэвіччыны» (2012), «Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны» (2014), «Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі i прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны» (2015). Падрыхтаваныя да выдання яшчэ дзве кнігі – па культуры Івацэвіцкага краю і гісторыі тапонімаў Івацэвіччыны. І яны будуць выдадзены.

Ён і сам быў майстрам слова, ствараў мастацкую прозу – абразкі, апавяданні, якія таксама цёпла сустрэты чытачамі і калегамі па пяру. Першай яго літаратурную творчасць падтрымала Ніна Мацяш, падрыхтавала для друку падборку абразкоў. Затым проза Алеся Зайкі публікавалася ў перыёдыцы, была выдадзена ў кнігах «Дым з коміна» (2011) і «Чысты чацвер» (2015). У студзені 2012 года Алесю Фамічу за кнігу «Дым з коміна» была ўручана літаратурная «Мядовая прэмія» паэта і пчаляра Міколы Папекі і Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. 
Алесем Зайкам была зроблена вялікая справа па захаванні беларускай нацыянальнай пісьменнай спадчыны. Комплекс работ А. Ф. Зайкі неабходна разглядаць як своеасаблівую моўна-краязнаўчую энцыклапедыю Івацэвіцкага краю. Нястомныя пошукі і творчасць Алеся Фаміча знаходзілі падтрымку ў грамадстве на ўсіх узроўнях, сярод літаратараў і мовазнаўцаў, пра што сведчаць станоўчыя рэцэнзіі і артыкулы ў друку. Прэзентацыя яго кнігі «Прыказкі і прымаўкі... з Косаўшчыны» з поспехам прайшла 25 чэрвеня 2015 г. у Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы, у ёй бралі ўдзел вядомыя дзеячы навукі і культуры, якія ў сваіх выступленнях падкрэслівалі, што ягоныя працы можна параўнаць з вынікам дзейнасці цэлага інстытута.

Хочацца верыць, што і ў нашых Івацэвічах аднойчы адбудзецца свята Дзень беларускага пісьменства і будзе на ім адным з галоўнейшых імёнаў імя Алеся Зайкі – годнага сына сваёй зямлі.
В. М. Вазнішчык, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК “Івацэвіцкая раённая бібліятэчная сетка”.
←Вопрос о возвращении пострадавшего белорусского альпиниста из Таджикистана на родину прорабатывается – МИД

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика