Павіншаваць з працоўнай перамогай
Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзяніс Колясень прыехаў на збожжавае поле ААТ «Вішнявецкі-агра» для таго, каб павіншаваць з працоўнай перамогай і ўручыць падзячнае пісьмо райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарунак вадзіцелю гаспадаркі Уладзіміру Ярашэвічу, які парупіўся і за кароткі тэрмін першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа ад камбайнаў. Уладзімір Генадзьевіч шчыруе ў таварыстве амаль тры дзесяцігоддзі. Мясцовы, вырас у Крамцы. Прыйшоў на працу пасля службы ў арміі. Нейкі час працаваў на камбайне, а апошнія гады ў яго распараджэнні – «велікагруз». Кожны год Ярашэвіч дабіваецца высокіх вынікаў, і ў папярэднія гады таксама ўваходзіў у кагорту «тысячнікаў».
На здымку: (злева направа) старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дзяніс Колясень, вадзіцель Уладзімір Ярашэвіч і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Вішнявецкі-агра» Ганна Трафіменка.
У ЛІК ДЗЯРЖЗАКАЗУ
Сельгаспрадпрыемствам раёна неабходна сёлета паставіць у дзяржаўныя засекі 7100 тон збожжа, у тым ліку 2280 тон пшаніцы і 2200 тон жыта. Даведзены гаспадаркам план па продажы пшаніцы выкананы. Першымі справіліся хлебаробы ААТ «Вішнявецкі-агра». Уся адгружаная адсюль прадукцыя, а гэта 609 тон, па ўтрыманні клейкавіны і іншых якасных паказчыках, аднесена супрацоўнікамі лабараторыі філіяла «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства» УП «Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў» да высокага трэцяга класа. У ліку першых выканалі таксама свае планы працаўнікі ААТ «Вялікі Двор» і «Жацерава». З-за недабору ўраджаю пакуль што не складваецца план з пастаўкай жыта. Рапс на ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» адгружаны ў поўным аб’ёме.
ДЛЯ ТРАВЯНЫХ УГОДДЗЯЎ
Адначасова з уборкай збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарках раёна абмалочваюцца насеннікі злакавых траў – у сельгаставарыствах клапоцяцца аб закладцы будучых кармавых угоддзяў. І тут важна не спазніцца, каб насенне не асыпалася. Пераважная большасць сельгаставарыстваў ужо завяршыла гэтую работу. Усяго насенне траў абмалочана на 325 гектарах. Намалочана 113 тон у бункернай вазе, найбольшы валавы збор у ААТ «Жацерава» – 31 тона. У жацераўцаў і самая высокая ўраджайнасць – 9,2 цэнтнера насення з гектара, другі паказчык у ААТ «Вішнявецкі-агра», адпаведна 8,4 цэнтнера. Надыходзяць і тэрміны ўборкі бабовых траў на насенне.
ПРАСУЕЦЦА САЛОМА
У гаспадарках раёна працаўнікамі прыкладаюцца намаганні хутчэй убраць з палёў салому, каб рыхтаваць глебу пад сяўбу азімых культур. На прасаванні пажніўных рэшткаў задзейнічаны штодзень да 25-ці прэс-падборшчыкаў. Салома скручана ў рулоны больш як на дзевяці тысячах гектараў, а звезена з плошчы каля шасці тысяч гектараў. Вышэйшыя тэмпы ў работнікаў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», ААТ «Шашкі», «Радзіма Якуба Коласа», «Рубяжэвічы».
ПАЧАСТАВАЛІ ВІТАМІННАЙ САДАВІНОЙ
У садзе ААТ «Вішнявецкі-агра» вырашчаны сёлета высокі ўраджай не толькі алычы, а таксама і сліў. Плады буйныя і салодкія. Пэўную частку сабранага ўраджаю кіраўніцтва гаспадаркі бясплатна выдзеліла інвалідам, якія наведваюць аддзяленне дзённага прабывання ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва». Вішняўчане даставілі садавіну, у тым ліку і яблыкі, уласным транспартам, за што кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра вельмі ўдзячна дырэкцыі таварыства. Восенню гаспадарка забяспечвае інвалідаў і бульбай. Дарэчы, садавіна і агародніна штогод выдзяляюцца таксама і насельнікам Мікалаеўшчынскага дома-інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара