Другі дзень Тыдня культуры “Суквецце талентаў воранаўскага краю”
Лірычная музыка пра Бацькаўшчыну, родную мову, малую радзіму лілася на плошчы райцэнтра з ранку. Яна нібы запрашала прахожых: не спяшайцеся, супыніцеся на хвілінку, паглядзіце на вынікі працы воранаўскіх майстрыц. А паглядзець было на што.
Умеліцы з аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры пастараліся — на суд землякоў і гасцей Воранаўшчыны выставілі свае лепшыя работы. Лялькі-беларусачкі, абярэжныя лялькі, прыгожыя шкатулкі, карціны з саломкі… Усяго і не пералічыш. А непадалёку, не зважаючы на мітусню дня, майстар народных промыслаў Галіна Мялько займалася сваёй справай — вышыўкай. Іголка “слухала” гаспадыню і старанна “выводзіла” ўзор за ўзорам. Жадаючыя маглі атрымаць ад жанчыны майстар-клас.
— Я не толькі вышываю ніткамі, але і бісерам, — расказала Галіна Віктараўна. — Няблага атрымліваюцца дэкаратыўныя сувеніры, шкатулкі. А яшчэ люблю маляваць, асабліва — прыроду.
Прахожыя маглі палюбавацца і на карціны, вышытыя пенсіянеркай Саламеяй Іосіфаўнай Антоненка з Воранава. Абразы, кветкі, птушачкі, закаханыя — не аднаго года работа. Вышываць жанчына пачала яшчэ ў дзявоцтве. І да гэтага часу не закінула творчую справу. А наколькі таленавіта зроблена, лічыць, няхай ацэняць землякі.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота аўтара.