Асіповічы: хроніка здарэнняў
РАУС
На мінулым тыдні адбыліся 4 крадзяжы мабільных тэлефонаў, 3 — дызпаліва, 1 — грашовых сродкаў, выяўлена 2 трупы без бачных прыкмет гвалтоўнай смерці. У лясным масіве непадалёк ад трасы Мінск-Гомель паблізу вёскі Камарына знойдзены 100-мм артснарад часоў Вялікай Айчыннай вайны, які абясшкоджаны сапёрна-піратэхнічнай групай в/ч 5527. 9 жніўня ў Осаве з цялеснымі пашкоджаннямі ў выглядзе рэзанай раны грудной клеткі злева знойдзены труп мясцовага жыхара 1949 г.н. Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрыманы раней судзімы 28-гадовы мясцовы жыхар, зараз праводзіцца праверка. Жыхар Краснага з тэрыторыі будучага мясаперапрацоўчага цэха скраў перфаратар. 4 чалавекі дастаўлены ў бальніцу: 47-гадовая жанчына з Ялізава — з пераломамі носа, цялесныя пашкоджанні якой нанёс сужыцель; асіпаўчанін 1992 г.н. — яму ў ходзе канфлікту падчас адпачынку ў кафэ “Навігатар” нанёс удар ручкай пнеўматычнага пісталета непаўналетні, раней судзімы зямляк. 9 чысла каля 14.00 з акна кватэры па вул. Чарняхоўскага, размешчанай на 5 паверсе аднаго з дамоў, выпаў хлопчык 2010 г.н., які атрымаў цяжкія пашкоджанні. Жыхарка Ясеня прычыніла сабе нажавое раненне ў грудзі. У жыхара Забалацця знойдзена падазронае рэчыва расліннага паходжання, якое перададзена для правядзення судовай экспертызы на наяўнасць наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
РАСК
Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да невядомай асобы, якая з участка мясцовасці паблізу аднаго з дамоў па вул. Рабоча-Сялянскай у падлетка скрала мабільны тэлефон. Раней судзімы асіпаўчанін у пенсіянеркі з Дзераўцоў скраў веласіпед коштам 80 руб. 7 чысла з дома па вуліцы Дзяржынскага неўстаноўленая асоба скрала 2 веласіпеды і столькі ж жаночых касцюмаў, ручны гадзіннік, 4 газавыя лямпы, 3 вугальныя прасы, урон склаў 760 руб. Непрацуючы, раней судзімы асіпаўчанін скраў у сваёй матулі залатыя завушніцы. Распачата крымінальная справа на былога кіраўніка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, які ажыццявіў закупку 20 тон насення кукурузы без узгаднення з тэндарнай камісіяй, прычыніўшы ўрон на 95040 рублёў. Былая работніца аднаго з кафэ, працуючы ў ім прадаў- цом, нанесла страты прадпрыемству ў памеры 1900 руб. Ялізаўчанка з раней знойдзенай банкаўскай карткі, якая належала аднаму з пасялкоўцаў, скрала 530 руб.
ДАI
Папярэджана 140 парушэнняў правіл дарожнага руху, да адказнасці прыцягнуты 4 нецвярозыя вадзіцелі, 7 “бяспраўнікаў”, 11 пешаходаў, 15 парушальнікаў хуткаснага рэжыму.
У ходзе комплексных мерапрыемстваў, якія працягнуцца па 17 жніўня, аштрафаваны 2 вадзіцелі, якія парушылі правілы абгону, і 3 — манеўравання.
Дэпартамент аховы
За здзяйсненне дробных крадзяжоў і хуліганства да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута па 2 чалавекі, з’яўленне ў нецвярозым стане — 7, парушэнне ПДР — 4.
РАНС
Адбылося два пажары: па вул. Майстрэнкі ў выніку ўзгарання пашкоджана веранда, маёмасць на кухні і 20 “квадратаў” даху, па Калініна цалкам знішчаны хлеў, часткова — сцяна і дах дома.
IАЖіРС
Складзена 9 адміністрацыйных пратаколаў за парушэнне правіл лесакарыстання і 1 — незаконную здабычу рыбы.