На вахте трудовой и в жару, и в стужу. Как ушачские строители трудятся на разных объектах
Прафесійнае свята працаўнікі галоўнай будаўнічай арганізацыі Ушаччыны – ПМК-66 – сустракаюць у добрым настроі. І гэта не проста атрыбут урачыстасці. Сакрэт пазітыўных эмоцый нам адкрыла эканаміст Ларыса Аркадзьеўна Крахотка: аб’ём вытворчасці за паўгода склаў 186,3 працэнта да ўзроўню аналагічнага перыяду 2017-га. Адпаведна павялічылася выручка ад рэалізацыі паслуг – да 175 працэнтаў. Істотна з 359 да 589 рублёў падрасла і сярэдняя заработная плата, якую будаўнікі атрымліваюць амаль без затрымак. Прадпрыемства працуе рэнтабельна і, што немалаважна, не мае даўгоў па падатках, узносах, адлічэннях у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. На сённяшні дзень калектыў налічвае 82 чалавекі і тут гатовы прыняць яшчэ каля 30 работнікаў розных спецыяльнасцей.
Будаўнікі не сядзяць без справы, штодня адпраўляючыся на розныя аб’екты. Мы вырашылі наведаць некаторыя з іх і расказаць пра будні людзей гэтай нялёгкай прафесіі.
Панарамны аб’ект
Першай будпляцоўкай у нашым маршруце стала самая буйная на сённяшні дзень і прыкметная для ўшачан.
“У гэтую школу мастацтваў абавязкова будзе хадзіць мая дачка і прыгадваць, што да будаўніцтва прыклаў руку тата”, – зазначае вытворца работ Мікалай Грыневіч, знаёмячы нас са сваёй “вотчынай”.
Школа будуецца практычна нанова, ад былога будынка застаўся толькі фундамент. У канцы мінулага года пачаўся дэмантаж старых канструкцый, а ў лютым ужо прыступілі да кладкі сцен. Паколькі знаходзіцца аб’ект побач з цэнтральнай плошчай, то і “рос” усе гэтыя месяцы на вачах жыхароў гарпасёлка. Для маладога прараба, які ў арганізацыі два гады, гэта трэці вялікі аб’ект. Першай жа спробай і своеасаблівым экзаменам быў 40-кватэрны дом па вуліцы Віцебскай.
Трэба сказаць, што да справы хлопец адносіцца надзвычай адказна, таму і не баяцца давяраць яму сур’ёзныя ўчасткі. Паважаюць маладога прараба і старажылы прадпрыемства, у чым давялося ўпэўніцца, падняўшыся на дах школы, дзе разгарнуліся зараз актыўныя дзеянні. Якая панарама адкрываецца з гэтай кропкі, і прыгожымі бачацца цэнтральныя вуліцы Ушач! А ў хуткім часе яе аздобіць і новая школа.
“Твая дачушка яшчэ маленькая, а вось каб мае дзеці паспелі тут павучыцца, трэба паспяшацца з работамі!”, – далучаючыся да размовы, гаворыць М.Грыневічу цясляр 5-га разраду і шматдзетны бацька Сяргей Курбака. Пра такіх, як ён, справядліва зазначаюць – будаўнік ад Бога. Яго не трэба кантраляваць, бо ён заўсёды робіць усё на выдатна. За плячыма С.Курбакі ўжо больш 16 гадоў стажу. За гэты час з яго ўдзелам узведзена мноства ўшацкіх аб’ектаў, сярод якіх і лячэбны корпус у санаторыі “Лясныя азёры” (ён быў самым першым у біяграфіі), і шматпавярхоўкі на Віцебскай, і будынак суда, і комплекс у Завячэллі. А вось самым незвычайным стаў фізкультурна-аздараўленчы комплекс. “Цікава было, напрыклад, рабіць столь у басейне, дзе праектам былі прадугледжаны не зусім стандартныя канструкцыі і нязвыклыя для нас матэрыялы. Шчыра прызнаюся, хоць і ўнёс свой уклад, але паплаваць у басейне з-за шматлікіх рабочых і хатніх спраў пакуль не давялося, трэба будзе выправіцца”, – усміхаецца Сяргей Уладзіміравіч. Нельга не зазначыць, што сёлета яго сумленная праца ацэнена на высокім узроўні: яму ўручаны нагрудны знак Саюза Будаўнікоў “За заслугі ў будаўніцтве”. Да слова, такая ўзнагарода ў калектыве ёсць толькі ў яго кіраўніка А.Л.Фамёнка. Зрэшты, прафесію С.Курбака абраў па прыкладзе бацькі Уладзіміра Дзмітрыевіча, які таксама ўсё жыццё адпрацаваў у будаўнічай галіне цесляром. “Нам прасцей, бо многае цяпер больш аўтаматызавана. Тата шчыраваў сякерай ды ручной пілой, а ў нас вось колькі розных інструментаў!” – зазначае прадаўжальнік дынастыі.
І сапраўды, справа ў брыгады цесляроў рухаецца хутка. За некалькі хвілін яны змацавалі дзве часткі бруса і закінулі на дах 150-кілаграмовы элемент. Пры гэтым паспявалі яшчэ і жартаваць: “Нам прапаноўвалі егіпецкія піраміды будаваць, але мы адмовіліся, лепш Ушаччыну будзем упрыгожваць!”
І калі з кроквеннай сістэмай спраў яшчэ шмат, то работы з кладкай выкананы на 98 працэнтаў. На гэтым тыдні брыгада муляраў завяршала вывядзенне вентыляцыйнай шахты.
Пакуль нас заварожвалі краявіды з даха школы мастацтваў, старажылы ПМК-66 Пётр Мяніцкі і Сяргей Пяхоўскі, на рахунку якіх 36 і 35 гадоў стажу, зазначалі, што ім адсюль адкрываюцца не толькі жывапісныя малюнкі, а і этапы іх працоўнага жыцця. “Прыемна глянуць на Віцебскую, дзе ў пачатку нашага прафесійнага шляху была пустэча, а зараз там у двары дамоў звіняць дзіцячыя галасы. Будавалі мы і Садовую, а таксама катэджы на “царскім пасёлку”. А вунь у тым баку – Беларусбанк, які быў няпростым аб’ектам як у плане праекта, так і з-за нязвыклага матэрыялу – абліцовачнай цэглы, якая цяжэй паддаецца апрацоўцы”, – узгадваюць будаўнікі. Што і казаць, прыемна, калі праца не толькі нясе карысць грамадству, а і дастаўляе асалоду самому чалавеку.
Змогуць ганарыцца і нашчадкі
“А ведаеце, чаму ручка лапаты не надта доўгая? Каб рабочы не мог пакласці на яе падбародак і заснуць стоячы!” – з такіх гумарыстычных “прафесійных сакрэтаў” пачалося наша знаёмства з будаўнікамі на яшчэ адным аб’екце. Жарты – гэта добра, ды толькі падумалася, што на чорным рубероідным даху будынка музея народнай славы не тое што спаць, нават проста знаходзіцца ў гэтыя гарачыя дні цяжка. Нашы ж субяседнікі ўмудраюцца фізічна працаваць у гэткіх умовах ды яшчэ і рабіць гэта з добрым настроем, з усведамленнем годнасці сваёй справы. “Музей – асаблівае для кожнага ўшачаніна месца, прадмет нашага гонару, – разважае рабочы Андрэй Шчукін. – Памятаю, як яшчэ ў былым яго будынку ва ўрачыстай абстаноўцы атрымліваў камсамольскі білет, які, дарэчы, захоўваю і зараз. І мне прыемна, што магу ўнесці сваю лепту ў тое, каб і ў нашых нашчадкаў засталіся потым падобныя ўспаміны…”
Пра неабходнасць рамонту будынка музея размова ішла даўно, бо яго стан пагражае захаванасці гістарычных экспанатаў. І вось з пачатку бягучага тыдня работнікі ПМК-66 пачалі дэмантаж элементаў даху – прыгаданы рарытэтны рубероід неўзабаве будзе заменены на сучасны матэрыял. Праўда, максімальна хутка правесці гэтыя работы не атрымаецца. “У час рамонту музейная экспазіцыя будзе дзейнічаць, і абнаўляць дах прыйдзецца невялікімі ўчасткамі, не раскрываючы яго цалкам, каб не пашкодзіць экспанаты, – расказвае прараб Антон Шчадроў. – Для ўкрыцця ад магчымых ападкаў будзем выкарыстоўваць так званы цяпляк – пераносную канструкцыю з каркасу і плёнкі”.
Малады спецыяліст летась прыйшоў ва ўшацкую будаўнічую арганізацыю пасля заканчэння ўніверсітэта і за гэты непрацяглы час няблага асвоіўся на адказнай пасадзе. І на наша пытанне наконт таго, ці слухаюць яго больш сталыя падначаленыя, Антон адказаў так: “У асноўным я іх слухаю! І за год работы тут атрымаў, напэўна, больш карысных практычных ведаў, чым за ўвесь час вучобы. Увогуле лічу, што мне пашанцавала пачынаць кар’еру на прадпрыемстве з такімі слаўнымі традыцыямі”.
Будаваць, каб больш гадаваць
Але не толькі сацыяльныя аб’екты зараз у будаўнічай абойме прадпрыемства. Два тыдні таму пачаліся работы па ўзвядзенні яшчэ аднаго вытворчага памяшкання малочнатаварнага комплексу “Завячэлле”. Побач з карпусамі, пабудаванымі спецыялістамі ПМК-66 у 2009 годзе, хутка вырасце кароўнік плошчай 1500 квадратных метраў для бяспрывязнага ўтрымання 150 галоў сухастойнай жывёлы. Пра гэта распавёў нам галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Клопаў, які кантралюе ход работ на стратэгічным аб’екце.
У час нашага візіту на будаўнічай пляцоўцы звяно цесляроў-бетоншчыкаў узводзіла зборны жалезабетонны каркас будынка. Адна рама ўжо была ўстаноўлена і спецыялісты займаліся мантажом другой – уладкоўвалі “кандуктар” – часовую апору, па якой вывяраецца праектнае становішча паўрамы. Мы ж адкрылі для сябе факт, што гэтае слова прымяняецца не толькі ў сферы грамадскага транспарту, і на свае вочы ўбачылі, што працэс мантажу падобных вялікіх канструкцый патрабуе надзвычайнай канцэнтрацыі і дакладнасці. Зрэшты, такія вопытныя спецыялісты, як Іван Шараг, Аляксандр Змітрачэнка, Мікалай Коршун і Сяргей Клім спраўляюцца з ім без праблем. І, канечне, галоўную функцыю тут выконвае кран, якім па-майстэрску ўпраўляе Павел Бурак. Гэты работнік у арганізацыі зараз лічы што самы запатрабаваны: за час паездкі па аб’ектах паспелі перасекчыся з ім двойчы – з раніцы адзіны на прадпрыемстве кран узнімаў грузы на дах школы мастацтваў, апоўдні ж ужо шчыраваў на комплексе. “Ні на хвіліну не расслабішся”, – коратка ахарактарызаваў сваю працу Павел. Зрэшты, такі ж выраз можна прымяніць і для апісання работы самога ўшацкага будаўнічага прадпрыемства.
Глядзяць у заўтра з аптымізмам
Амаль паўдня спатрэбілася нам, каб аб’ехаць тры прыгаданыя аб’екты, а іх жа ў ПМК-66 істотна больш. Працягваецца капітальны рамонт дзіцячага ясляў-сада №3: калі не будзе затрымкі з матэрыяламі, мяркуецца да канца года правесці ўцяпленне сцен будынка. Занятыя спецыялісты прадпрыемства на рамонце Ушацкага РЦГЭ. Працуюць яны і на аб’ектах за межамі раёна: прымалі ўдзел у будаўніцтве шматкватэрнага дома і добраўпарадкаванні тэрыторыі лясгаса на Глыбоччыне, узвядзенні МТФ “Клясціцы” ў Расонскім раёне. Пры гэтым кіраўніцтва прадпрыемства знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых аб’ёмаў. “Актыўна ўдзельнічаем у тэндарах: толькі з пачатку года зрабілі дзесяць такіх спроб і ў выніку абзавяліся перспектыўным аб’ектам у Клясціцах, прывабіўшы заказчыка тэрмінам і коштам выканання работ. Але найперш, канечне, арыентуемся на родны раён, а таму з аптымізмам успрынялі вестку пра запланаванае на наступны год будаўніцтва ва Ушачах 40-кватэрнага кааператыва”, – расказвае дырэктар ПМК-66 Аляксандр Лукіч Фамёнак.
Дарэчы, на думку ўсіх членаў калектыву, з кім давялося размаўляць, менавіта з асобай кіраўніка, яго прафесіяналізмам, шчырым імкненнем утрымаць на плыву роднае прадпрыемства ў вялікай ступені звязана цяперашняе адносна стабільнае яго становішча. Сам жа Аляксандр Лукіч пра ўласныя заслугі казаць не любіць і, наадварот, заўсёды ахвотна вылучае старанных і адказных работнікаў арганізацыі, многія з якіх заставаліся вернымі ёй нават у крызісныя часы. Да такіх адносяцца, напрыклад, загадчык падсобнай вытворчасці Вера Пятроўна Кандакова, якая да сёлетняга прафесійнага свята ўзнагароджана Ганаровай граматай Саюза Будаўнікоў Рэспублікі Беларусь, цясляр 4-га разраду Аляксандр Вітальевіч Касіч, шматгадовая праца якога адзначана Удзячнасцю дырэктара “Полацксельбуда”. Свае заслужаныя ўзнагароды гэтыя і іншыя работнікі атрымалі ўчора на адмысловай урачыстасці. Мы ж хочам далучыцца да віншаванняў і ад імя ўсіх ушачан падзякаваць прадстаўнікам будаўнічай сферы за нашы ўтульныя дамы і вуліцы, за тое, што і ў спёку, і ў сцюжу яны нясуць сваю працоўную вахту, аздабляючы рукатворнай прыгажосцю ўшацкія краявіды.
Вольга КАМАРКОВА, Наталля БАГДАНОВІЧ.