…Устаць з каленяў не было сілаў. І ён ціха
спытаў, што яшчэ. Вось жа, вершы
складаю… Яны, пэўна, ёсць пыхаю…
Слёзы душылі — гэтаму няма даравання,
падсвядомае — ні ў чыёй уладзе. А ён
нечакана ўсклікнуў: “О, калі б я ўмеў
складаць вершы!..”
В. Аксак. “Апошняя споведзь
Аляксандру Надсану”
У велічнай зале Нясвіжскай ратушы пад далі-катным святлом ліхтароў-свечак часта гучаць навуковыя даклады пра часы Сіроткі ды расповеды экскурсаводаў пра Магдэбургскае права, перавагі гарадскога самакіравання.
Час лілеяў і ружаў сабраў сюды прыхільнікаў прыгожага пісьменства, аматараў лірычнага радка. Нагод для літаратурнай сябрыны, прысвечанай творчасці Валянціны Аксак, некалькі. Па-першае, не так даўно пабачыў свет сёмы зборнік яе паэзіі “Завінены рай”; па-другое, красавіцкімі днямі адзначыла ўраджэнка нясвіжскіх Смалічоў юбілейную дату жыцця. Клікаў на сустрэчу з вядомай зямлячкай і агульны настрой Года малой радзімы.
Сябры паэтычнага слова Валянціны Аксак (фота 2) падрыхтавалі-прынеслі не толькі шчодрыя ахапкі кветак і аформілі выставу яе кніг (фота 1). Адны чыталі самыя ўлюбёныя творы паэткі, у якіх знаходзілі водгук сваіх пачуццяў, другія — найноўшае, з апошняга зборніка. Заінтрыгавала прысутных перспектыва пачуць першы верш той даўняй часопіснай падборкі, з якой калісьці ўступала Валян-ціна Аксак у шматаблічны свет беларускай лірыкі.
Прыемнай нечаканасцю было паслухаць сумоўе дзвюх паэтак: Вікторыя Жукевіч-Дзівота, род якой карэніц-ца ў нясвіжскіх Іванаве і Лані, пераклала на польскую мову і даслала ў Нясвіж два вершы Валянціны Аксак — “Дзень народзін” і “Разумее”. Пасрэдніцай паміж паэткамі была знаўца польскай мовы Часлава Суднік.
Цікавы падарунак-падзяку паэтцы за “старасвецкія нетры мовы” прывезла Валянціна Холадава са Свержаня. Гэтая мудрая і памятлівая жанчына выканала забытую ўсімі бабуліну песню — пракаветны матыў тых часоў, калі “хадзіў у нас талер”.
Хораша і вельмі трапна выказала сваё бачанне паэзіі Валянціны Аксак старшыня ТБМ Алена Анісім. Слова дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на падсумаванне паэтычнай вечарыны яшчэ цясней згуртавала прысутных у іх патрыятычных стараннях дзеля роднай мовы.
Пачуваліся тут нароўных чалавек творчага занятку і рабочы завода, шчаслівы ўладальнік усіх зборнікаў Валянціны Аксак і той, хто ўпершыню пачуў яе імя, родзічка паэткі і даўняя смаліцкая суседка. Гранічна шчыры верш аднолькава прыхільна віталі прадавец і перакладчык, настаўнік-пенсіянер і навучэнец каледжа, нядаўняя вандроўніца па Італіі і штодзённы пілігрым да дзядоўскага хутара.
Падавалася ў мігценні свечак, што разам з усімі і Сіротка, і Рыбанька задуменна-ўхвальна ківалі галовамі.
Наталля ПЛАКСА,
краязнаўца, старшыня раённай арганізацыі
ГА “Таварыства
беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.
Фота Вольгі КАНДРУКЕВІЧ.