12 жніўня адзначаюць сваю прафесійнае свята будаўнікі
Будаўнік — адна з самых старажытных прафесій на зямлі. Напэўна, не ведалі стваральнікі егіпецкіх пірамід, забудоў індыйскіх гарадоў Махенджа-Дара і Харапа, што праз стагоддзі людзям іх прафесіі будзе адведзена асаблівае месца ў гісторыі. Цяпер усе мы бачым, што буйныя населеныя пункты, гарады і пасёлкі будуюцца, ідзе іх мадэрнізацыя.
Будаўнічую галіну Шаркаўшчынскага раёна прадстаўляе камунальнае ўнітарнае будаўнічае прадпрыемства “Шаркаўшчынская перасоўная механізаваная калона № 68”. Гэта арганізацыя выконвае асноўную долю будаўнічых работ на тэрыторыі нашага раёна і за яго межамі. На сённяшні дзень прадпрыемства перажывае пэўныя цяжкасці ў пошуках патрэбных аб’ёмаў і відаў работ для сваіх працаўнікоў. Тым не менш, кіраўніцтва арганізацыі заўсёды робіць адпаведныя захады па занятасці сваіх работнікаў.
— Сёлета працаўнікі нашай арганізацыі задзейнічаны на шматлікіх аб’ектах, — кажа дырэктар ПМК-68 Васілій Канстанцінавіч Зубовіч. — Сярод іх — будаўніцтва асноўнага памяшкання таможні ў вёсцы Урбаны ў Браслаўскім раёне. Шаркаўшчынскія будаўнікі закончылі даведзеныя аб’ёмы запланаваных работ на нядаўна ўведзенай у эксплуатацыю Міёрскай ЦРБ, займаюцца рэканструкцыяй Дома рамёстваў у Верхнядзвінску. Акрамя гэтага таксама працуюць на будаўніцтве новай малочна-таварнай фермы ў вёсцы Коўзаны, што на Пастаўшчыне. У нашым раёне аб’ёмы работ не вельмі значныя. У асноўным, выконваем бягучы рамонт будынкаў і памяшканняў. Працавалі ў Більдзюжскім сельсавеце, працягваем работы па рамонце памяшканняў свінакомплексу ў КУВСП “Гарадзец”.
Нягледзячы на складанае эканамічнае становішча, стараемся знаходзіць выйсце з сітуацыі. Улічваючы той факт, што павялічваюцца аб’ёмы працы, набіраем у штат арганізацыі дадатковых работнікаў, і гэта дае свае станоўчыя вынікі.
Тым часам, мы сустрэлі на тэрыторыі арганізацыі загадчыка дапаможнай вытворчасці Аляксандра Сяргеевіча Лук’янёнка. Мужчына працуе тут ужо 31 год.
— Ведаеце, праца мая мне падабаецца, — сказаў Аляксандр Сяргеевіч. — За такі перыяд часу я палюбіў сваю прафесію. Пасля заканчэння Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута пачынаў працаваць ў ДБУ-26 нашага гарадскога пасёлка, а потым перайшоў у ПМК-68, пра што і не шкадую.
Будаўнікі бываюць розныя: тыя, хто ствараюць планы будучых пабудоў, і тыя, хто іх узводзіць. Адказнасць за якасць работ ляжыць на плячах усіх будаўнікоў, пачынаючы ад праекціроўшчыкаў і заканчваючы простымі рабочымі. А калі да справы падыходзіць з душой, то і працаваць, і жыць у такіх дамах будзе прыемна і ўтульна. І хоць прафесія будаўніка вельмі складаная, але, разам з тым, высакародная. Кожны будаўнік, які любіць сваю справу, радуецца яе станоўчым вынікам, бо бачыць, што дзякуючы яго намаганням узводзіцца новы дом, у якім з радасцю будуць жыць людзі.
Сяргей РАЙЧОНАК.