З жаданнем несці святло
У Стоўбцах адбыўся семінар сакратароў партарганізацый Мінскай вобласці пад дэвізам «Не змагайся з цемрай, нясі святло». На ім сабраліся прадстаўнікі арганізацый Камуністычнай партыі са Слуцкага, Клецкага, Нясвіжскага і Уздзенскага раёнаў з мэтай паглядзець і прааналізаваць працу Стаўбцоўскай арганізацыі на чале з Н. У. Дубовік. На семінары прысутнічалі першы сакратар Мінскай арганізацыі КПБ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў П. Л. Вабішчэвіч, старшыня Мінскага абласнога каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый М. М. Худая, старшыня каардынацыйнага савета Кастрычніцкага раёна г. Мінска У. У. Цюхай.
Падчас сустрэчы абмяркоўваліся розныя пытанні: чым жыве партыйная арганізацыя; якая ўзаемасувязь паміж партыйнай арганізацыяй і выканаўчай, заканадаўчай уладай; паміж партыйнай арганізацыяй і прадпрыемствамі, арганізацыямі, сельскімі выканаўчымі камітэтамі.
Н. У. Дубовік распавяла пра праекты, над якімі зараз працуюць камуністы. Два з іх рэалізуюцца ў аграгарадку Шашкі. Па ініцыятыве камуністаў рыхтуецца памятны знак, які будзе знамянальным месцам для жыхароў.
У весцы Дудкі ёсць крынічка з гаючай вадой, людзі з розных гарадоў Беларусі прыязджаюць туды. Члены Кампартыі вырашаюць і гэтае пытанне.
Вопытам работы падзяліўся і старшыня Налібацкага сельвыканкама А. І. Пілінкевіч.
Вядома, што арганізацыя камуністычнай партыі ў нашым раёне працуе актыўна. Рыхтуецца да 100-гадовага юбілею КПБ, супрацоўнічае з іншымі раёнамі. Вынікам такога супрацоўніцтва стала набыццё дзвюх пясочніц для дзіцячага сада № 2 г. Стоўбцы.
У праграму семінара ўваходзіла і наведванне свята вёскі Ячонка. На яго прыкладзе ўдзельнікі семінара ўбачылі, як працуюць выканаўчая ўлада, грамадскасць для навядзення парадку на зямлі, падтрымкі традыцый, закладзеных у населеным пункце, заўважылі імкненне зрабіць вёску прыгажэйшай.
Ксенія РУБІН