Люстрадзён на сёньня
9 жніўня 1910 г. у маёнтку Жлобаўцы ля в.Воўпа Ваўкавыскага павету нарадзілася беларуская паэтка, празаік, грамадскі дзеяч Ларыса Геніюш.
Ларыса Геніюш (дзявочае прозвішча Міклашэвіч) нарадзілася ў 1910 г. у маёнтку Жлобаўцы Гарадзенскага павета (цяпер Ваўкавыскі раён) у шматдзетнай і заможнай сям’і. Вучылася ў польскай школе, у 1928 г. скончыла Ваўкавыскую Польскую Гімназію, якія не змаглі пазбавіць яе выразна ўсвядомленай беларускасці. Захоплена знаёміцца з сусветнай літаратурай — польскай, скандынаўскай, англійскай клясікай. Тады і пачала пісаць вершы. У 1935 г. пабралася шлюбам з Янкам Геніюшам, выпускніком Карлавага Ўніверсітэту (Прага). Шлюб карэнным чынам змяніў жыццё: маладыя прыязджаюць у Зэльву. Тут Л.Геніюш пазнаёмілася з бунтарнай паэзіяй М.Танка і зборнікам Я.Купалы «Шляхам жыцьця». У 1935 г. Ларыса Геніюш нарадзіла сына, і светлашчырыя матчыны пачуцці былі занатаваныя ў патаемным сшытку.
У 1937-48 гг. жыла з сям’ёй у Празе. На новай кватэры суседкаю Геніюшаў аказалася А.Косач-Шыманоўская, сястра Лесі Украінкі, чыю паэзію Л.Геніюш вельмі любіла. Ларыса Геніюш была сакратаром прэзідэнта БНР В.Захаркі, займалася захаваннем і ўпарадкаваннем прэзідэнцкага архіву, апякунствам беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў і ваеннапалонных. Вершы Геніюш спрабавала пісаць яшчэ на Радзіме, але толькі ў Празе адчула магутны творчы імпульс. Друкавацца пачала ў 1939 г. у бэрлінскай газэце беларускай эміграцыі «Раніца».
У 1942 г. у Празе выйшаў першы зборнік яе паэзіі «Ад родных ніў». Літаратурны талент Л.Геніюш дасканаліўся імкліва. Ад часу першай публікацыі на старонках «Раніцы» да выхаду першага зборніку прайшло ўсяго 2 гады. У кнігу трапіла далёка не ўсё напісанае. «Ад родных ніў» уяўляла зь сябе выбранае зычлівым да паэткі і патрабавальным да паэзіі В.Тумашам (будучым шматгадовым кіраўніком Беларускага Інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку). Зместам і тэматыкай кніга набліжалася да паэзіі Я.Купалы. Матывы волі і настальгіі па пакінутай Радзіме літаральна пранізваюць усе вершы.
Пайшлі рэцэнзіі, дзеячы шукалі кантактаў зь вядомай паэткай. Вызначыўся ў гэтай справе колішні дыпламатычны прадстаўнік БНР у Канстанцінопалі Іван Ермачэнка, які здолеў увайсьці ў давер як да акупацыйных уладаў, так і да пражскіх беларусаў. З яго ініцыятывы быў створаны пражскі аддзел Беларускага Камітэта самапомачы, у якім сам ініцыятар стаў старшынёй, сакратаром быў абраны А.Бакач, а Л.Геніюш атрымала пасаду скарбніка. Янка Геніюш увайшоў у склад рэвізійнай камісіі. (Палітычныя амбіцыі І.Ермачэнкі праявяцца пазней, калі ён даможацца кіравання ўсёй Беларускай Самапомаччу, стане дарадцам Вільгельма Кубэ). Пасля выхаду кнігі Геніюш «Ад родных ніў», куды ўвайшлі вершы аб перакроеным родным краі, гестапа пацікавілася — а дзе ўхвала пераможнага паходу nach Osten, чаму няма ні радка пра фюрэра? (Праз шэсць гадоў ужо МГБ папракне аўтарку ў адсутнасці «савецкага патрыятызму», у ігнараванні «мудрай палітыкі генералісімуса».)
«А яна, на кускі пакрамсаная, у хлусьлівым чужым тумане, плугам родных сыноў неўзараная, ціха помачы просіць ў мяне…» — так напіша яна, наведаўшыся на Радзіму ў 1943 г. Навіны былі страшныя — маці загінула на высылцы ў Казахстане, бацька расстраляны бальшавікамі ў Гародні. Святара Якабсона, які хрысьціў сына Юрку, расстралялі энкавэдысты на вачох прыхаджанаў.
У Зэльве да Л.Геніюш завітаў беларускі хор зь Беластока, зайшлі па духовую падтрымку. Л.Богуш прыгадваў потым: «Праз вусны яе недзе аж з глыбіні сэрца падаюць шчырыя словы падзякі за тое, што мы завіталі зь песьняй і танцамі ў гэты куток беларускай зямлі, дзе яна спаткала нас, як маці спатыкае сваіх дзяцей, якіх даўно не бачыла…». А «маці» не споўнілася яшчэ і 33, некаторыя харысты былі нашмат старэйшыя… На разьвітаньне госьці грымнулі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». (Праз 30 гадоў у Зэльву прыедзе іншы беларускі хор, савецкі, са сталіцы, і Л.Геніюш не знойдзе, каму падараваць букет півоняў, — ніводзін артыст не ўмецьме размаўляць па-беларуску!..)
Па вяртаньні ў Прагу спакайней на сэрцы не стала. Памёр прэзідэнт БНР В.Захарка. Трэба было думаць пра ўшанаванне яго памяці, парадкаваць бэнээраўскія архівы. Тым часам пасля Сталінградскай бітвы немцы пераглядзелі сваю палітыку на акупаваных абшарах, дазвалялі стварэнне нацыянальных вайсковых фармаваньняў. 27 чэрвеня 1944 г. у Менску быў праведзены Другі Ўсебеларускі Кангрэс. (Непрыхаванае іранічнае стаўленне Л.Геніюш да БЦР і яе кіраўніка Р.Астроўскага знайшло пазьней сваё адлюстраваньне на старонках «Споведзі».)
Яе тагачасная творчасць адлюстравана ў рукапісным зборніку 1945-47 гг., які паэтка пасьпела перад арыштам перадаць у верныя рукі. Яе высакадумны паэтычны малебен звернуты да ўсвятарненай Бацькаўшчыны і Бога. (Сёння зберагаецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф.Скарыны ў Лондане, дзе быў выдадзены ў 1992 г. пад назвай «Вершы». Англамоўную прадмову да яго напісаў прафэсар Лонданскага ўніверсітэту А.Макмілан.)
У 1948 г. Ларыса і Янка Геніюшы былі арыштаваныя, знаходзіліся ў турмах Чэхаславаччыны, Львова, з канца 1948 г. у турме Менску. Дапытваў паэтку сам Цанава — «міністр дзяржбяспекі БССР». На прапанову Л.Геніюш гаварыць да яе па-беларуску, як і належыць беларускаму міністру, пагражаў катаваннямі. У 1949 г. Ларыса і Янка Геніюшы былі асуджаны на 25 гадоў кожны. Пакаранне Л.Геніюш адбывала ў лягерох Комі АССР і Мардоўскай АССР, дзе станавіла сабой прыклад фенамэнальнай духовай трывушчасці, яднала вакол сябе беларусаў. Яе шчырае і мужнае паэтычнае слова дапамагала суайчыннікам выжыць у нялюдскіх умовах. Сярод вязьняў яе клікалі Маці, вершы яе называлі «глюкозай», іх завучвалі на памяць, як малітвы. Сем гадоў яе рукі зьнясільваліся ад кіркі і рыдлёўкі, а дух заставаўся нязломным. Падпольна пісала вершы. Тым часам працягвалася замоўчваньне яе імя і лёсу. У альманаху твораў беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў «Ля чужых берагоў» (Мюнхэн, 1955) вершы Л.Геніюш былі зьмешчаныя ў адным разьдзеле з творамі паэтаў, якія лічыліся памерлымі.
У 1956 г. Геніюшы былі вызвалены і вярнуліся на Беларусь. Яны дажывуць у Зэльве свой век з пазнакай у пашпарце «без грамадзянства», штораз на просьбу аб рэабілітацыі іх чакала катэгарычная адмова. 27 гадоў зэльвенскага жыцьця Л.Геніюш праходзілі пад наглядам КГБ. Выпускніку мэдыцынскага факультэта Карлавага Ўніверсітэту Янку Геніюшу было дазволена падпрацоўваць у раённай паліклініцы, паэтцы на кароткі час дазволілі зарабляць швабрай і венікам. Потым і гэтай магчымасьці пазбавілі. У 1979 г. памёр Янка, Ларысе прызначылі мізэрную пенсію. Улады пазбавілі паэтку спакойнай старасьці, не дазваляючы паехаць да сына Юркі, які жыў побач, у Беластоку, і рос сіратой пры жывых бацьках.
Духовай падтрымкі ад паэткі чакалі суайчыньнікі ў Мельбурне і Рыме, Лондане і Нью-Ёрку, Маскве і Празе, Вільні і Менску, Вроцлаве і Львове… Сотні лістоў з розных краінаў і кантынентаў сьпяшаліся ў заходнебеларускае мястэчка, сотні лістоў з Зэльвы адляталі ў далёкія выраі. Геніюш прынцыпова не прымала «савецкае грамадзянства», не ўступала, як ёй настойліва прапаноўвалі, у Саюз пісьменьнікаў. Ад уладнай сваволі Л.Геніюш неаднаразова спрабаваў бараніць М.Танк.
Упершыню яе пасьлялягерныя вершы здолелі прабіцца на старонкі беларускай афіцыйнай перыёдыкі толькі ў 1963 г. («Полымя», «Голас Радзімы», «Гродненская праўда»). У 1967 г. выйшаў першы на Радзіме зборнік «Невадам зь Нёмана», які ўяўляў з сябе выбранае за тры дзесяцігоддзі — з 1937 па 1966. Чытачы прынялі зборнік прыхільна, з’явіліся станоўчыя водгукі ў друку. Але зборнік азмрочаны тым, што з аўтарскага рукапісу ідэалягічнымі рэцэнзентамі выкрэслена 120 радкоў! Пры перавыданьні ў 1990 г. да творчай спадчыны паэткі выдаўцы зноў паставіліся не ўважліва: выбранае «Белы сон» (укладальнік Б.Сачанка) даслоўна паўтарыла зьнявечанае цэнзурай выданьне. Першай творчай рэабілітацыяй паэткі трэба лічыць зборнік, выдадзены «Беларускім кнігазборам», у якім адноўлены аўтэнтычны тэкст і выпраўленыя шматлікія агрэхі.
У 1982 годзе выйшаў зборнік вершаў «На чабары настоена».
Паэтычнай творчасьці Л.Геніюш характэрны цнатлівы лірызм, глыбокія народнасьць і гуманізм, філязофскае асэнсаваньне жыцьця, моцныя хрысьціянскія і нацыянальна-патрыятычныя матывы. Прыкметнае мейсца ў яе творчасьці займае гістарычная тэматыка, на якую напісаны вершы «Князь Усяслаў Чарадзей», «Ефрасіньня Полацкая», «Скарына», «Кастусь Каліноўскі», «Над старымі друкаванымі кнігамі», паэма «Даўніна». Шэраг вершаў прысьвечаны выдатным сучасьнікам, дзейнасьць і творчасьць якіх становяцца або сталі з’явай айчыннай гісторыі — П.Клімуку, У.Кавалёнку, М.Забэйду-Суміцкаму, У.Караткевічу, З.Пазьняку і інш.
Літаратурны наробак Ларысы Геніюш не абмяжоўваецца паэтычнымі творамі. У яе архіве захоўваецца вялікая колькасьць празаічных тэкстаў — успаміны, апавяданьні, абразкі на гістарычную тэму. Частка зь іх апублікаваная пры садзейнічаньні М.Танка, У.Караткевіча, Д.Бічэль-Загнетавай, надрукаваны 2 зборнікі паэзіі і 2 кніжкі вершаў для дзяцей. Сапраўднай падзеяй у беларускай мэмуарыстыцы стала пасьмяротная публікацыя кнігі ўспамінаў Л.Геніюш «Споведзь». Гэта твор вялікай мастацкай сілы, напісаны збалелым сэрцам, гэта бясстрашнае абвінавачаньне антычалавечай камуністычнай сістэме, што спляжыла ў турмах і лягерох мільёны жыцьцяў, гэта кніга пра незвычайную людскую самаахвярнасьць, пра сапраўды апостальскі шлях жанчыны-беларускі, для якой Бог і Бацькаўшчына былі найвышэйшымі праўдамі на зямлі. Ва ўспамінах увасобіліся драматычная рэчаіснасьць Заходняй Беларусі ў часы польскай акупацыі, шматграннае жыцьцё беларускай эміграцыі ў Празе, нацыянальна-вызваленчы рух, лёс заснавальнікаў БНР і іх пераемнікаў, падзеі ваеннага часу ў Цэнтральнай Эўропе і на Беларусі.
Памерла Л.Геніюш у 1983 г. Пасьля адпяваньня ў царкве ў апошні шлях паэтку праводзілі тысячы зэльвенцаў. Пахавалі Ларысу Геніюш поруч з апошнім прытулкам мужа на ўзвышшы. Да магілы Ларысы Геніюш трэба ўзьнімацца, як на вяршыню.