Чарговая ўборачная кампанія на палях Кобрыншчыны ўступае ў заключную фазу – калі не падвядзе надвор’е, то некаторыя гаспадаркі хутка падыдуць да фінальнай мяжы. Не выключэнне і ААТ “Гарадзец-агра”, у якім на момант нашага візіту шчыльна наблізіліся да 80-працэнтнай мяжы ўборкі пасяўных плошчаў і намалацілі больш за 10 тысяч тон збожжа.
— Год не быў простым, аднак члены калектыву прыклалі ўсе намаганні, каб атрымаць максімальную аддачу ад зямлі, — расказвае намеснік дырэктара ААТ “Гарадзец-агра” Мікалай Вярэніч. – Зараз на палях яшчэ ідзе ўборка трыцікале, увогуле ж ураджайнасць па збожжы складае 27,5 ц/га, што больш, чым у мінулым годзе, калі мы атрымалі 26,3 цэнтнера з гектара. Гаспадарка выканала дзяржаўны заказ па ўсіх культурах.
На збожжасушыльным комплексе “КЗС-30”, які прымае новы ўраджай, кіпіць работа. Комплекс працуе на газавым паліве і забяспечвае прадукцыйнасць на ўзроўні 30 тон у гадзіну, усе вытворчыя працэсы механізаваныя. З пачатку ўборачнай кампаніі праз збожжасушыльны комплекс ужо прайшло больш за 3800 тон збожжа новага ўраджаю.
Не губляюць часу і на тых нешматлікіх палях гаспадаркі, дзе яшчэ засталося непрыбранае збожжа. Так, актыўна вялася ўборка на полі каля вёскі Падзяменне. Сярод іншых, у гэты дзень тут працаваў экіпаж перадавікоў Мікалая Пакалюка і Аляксандра Бараноўскага, якім зусім нямнога заставалася да тысячы тон, побач шчыравалі маладыя камбайнеры Аляксей Доўнар і Дзмітрый Казюк. Жніво аб’яднала ўсіх.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКАХ аўтара: (справа налева) намеснік дырэктара ААТ “Гарадзец-агра” Мікалай Вярэніч і аператар КЗС Андрэй Штык; аграном Алена Саўчанка, памочнік камбайнера Дзмітрый Казюк, старшы камбайнер Аляксей Доўнар, памочнік камбайнера Аляксандр Бараноўскі, старшы камбайнер Мікалай Пакалюк на полі каля вёскі Падзяменне.