АРТЭРЫІ КРАІНЫ. Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі чыгункі

Источник материала:  
04.08.2018 — Разное

Дзень чыгуначніка, які адзначаецца штогод у першую нядзелю жніўня, вядзе сваю гісторыю яшчэ з ХІХ стагоддзя. Чыгуначная станцыя ў пасёлку Капцэвічы пачала сваю працу з 15 лютага 1886 года. Напярэдадні свята мы сустрэліся з Алесяй Барысевіч – начальнікам станцыі ў другім пакаленні.

АРТЭРЫІ КРАІНЫ. Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі чыгункі

– Начальнікам станцыі я працую з 2005 года, – пачала свой аповед Алеся Анатольеўна. – Скончыла Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту і прыехала на радзіму – вырасла ў Капцэвічах. З мужам выхоўваем сына. Хлопчык сёлета пойдзе ў першы клас.

Можна смела сказаць, што ў прафесію мяне прывяла мама – таксама была начальнікам станцыі, яе стаж ні многа ні мала – 38 гадоў. Для мяне гэта, вядома, быў сур’ёзны тыл. Цэлы год яна вадзіла мяне за руку і тлумачыла, як тут усё ўладкавана. Шмат чаго трэба ведаць, а маці сваё дзіця на волю лёсу не кіне. Тата быў настаўнікам геаграфіі.

  Ці будзе дынастыя ў маёй сям’і працягвацца? Магчыма, бо я пазіраю на сына і жартую: не менш – начальнік станцыі.

А наогул, наша станцыя – апагей дынастый. Старшы білетны касір Надзея Вінакурава пераняла пасаду ад маці. І ў дзяжурнай па станцыі Наталлі Пташук дачка Ганна Краўчэня працуе камерцыйным агентам па транспартным абслугоўванні.


АРТЭРЫІ КРАІНЫ. Заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць работнікі чыгункі

Сяргей Марозька, Алеся Барысевіч, Ала Ігнаткова і Ганна Краўчэня

Радуе, што на радзіму вяртаецца моладзь – Наталля Краменская таксама скончыла тэхнікум чыгуначнага транспарту. Цікавіцца, задае шмат пытанняў, актыўна ўліваецца ў працу.

Мая задача, каб праца была бесперабойнай. Кантраляваць якасць пагрузкі і выгрузкі, курыраваць пытанні таварнай канторы, білетнай касы. Ва ўсім павінен быць парадак.

Сёння ў нас галоўны кліент, з якім мы супрацоўнічаем шмат гадоў, – дрэваапрацоўчае прадпрыемства ЭЛПГ “Ляскавічы”. Адгружаем дранку на Польшчу, Румынію, Венгрыю, піламатэрыялы – на Азербайджан.

У калектыве 11 чалавек. Складанасці сустракаюцца ўсюды, але самае галоўнае, каб была згуртаваная каманда. З кожным можна знайсці паразуменне. Мы адзін аднаму дапамагаем. Гарачыя дні – канец месяца, калі трэба здаваць усе дакументы.

Прафесійнае свята мы пастараемся адзначыць на прыродзе ўсім калектывам. Падвядзем вынікі: што атрымалася выканаць, а што не. За 2017 год адгружана каля 3000 вагонаў, гэта добры паказчык.

У жыцці кожнай краіны чыгункі заўсёды адыгрываюць асаблівую ролю. Яны былі і застаюцца галоўнай транспартнай артэрыяй, якая злучае ў адно гарады. Сваім калегам і іх блізкім хачу пажадаць здароўя, шчасця, кахання, узаемаразумення, на працы – рэалізаваць задуманае. Калі ўсё рабіць дружна, любыя праблемы стануць дробяззю.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←Беларусь подпишет соглашение об унификации законодательства в сфере финансовых рынков стран ЕАЭС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика