На новай тэхніцы
На ворыве глебы ў ААТ «Рочавічы» задзейнічаны гэтымі днямі новы энерганасычаны трактар Беларус-3522, нядаўна набыты кіраўніцтвам гаспадаркі ў лізінг. Агрэгатуецца магутная тэхніка з плугамі ППО-9-45К, яны таксама куплены ў растэрміноўку плацяжу на Мінойтаўскім рамонтным заводзе. Даручылі трактар і сельгастэхніку вопытнаму механізатару Міхаілу Залатару. Міхаіл Станіслававіч шчыруе ў гаспадарцы на працягу 37 гадоў. Ён добрасумленны работнік, заўсёды якасна выконвае даручаныя заданні, пільна сочыць за тэхнікай, своечасова яе абслугоўвае і рамантуе.
Пачынаў працаваць Міхаіл Станіслававіч на гусенічным трактары ДТ-74, затым яму даручылі Т-16, Т-40. Пасля службы ў арміі прапанавалі перасесці за баранку Т-150, а потым даверылі і «Кіравец» К-700. З таго часу Міхаіл Станіслававіч заўсёды завіхаецца на вялікіх трактарах. Падчас вясенняй і асенняй пасяўных кампаній рыхтуе глебу – ён галоўны араты ў сваім таварыстве. Калі пачынаецца нарыхтоўка кармоў – трамбуе зялёную масу, заняты і на адвозцы травы з сенажацяў.
Варта адзначыць, што Міхаіл Залатар сёлета атрымаў і набыты гаспадаркай новы камбайн «Палессе-GS1218″, вытворчасці ААТ «Гомсельмаш». Некалькі дзён працаваў на ім разам з сынам Яўгенам, які вучыцца ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым каледжы. Аднак вытворчая неабходнасць вымусіла перасесці на трактар і рыхтаваць глебу пад сяўбу азімых культур. У механізатара нялёгкая работа: з раніцы да позняга вечара ён у полі. За выдатную працу Міхаіла Станіслававіча неаднаразова ўшаноўвалі, выходзіў ён і пераможцам раённага спаборніцтва.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара