Турыстычны аўтобус перакуліўся пад Оршай
![Турыстычны аўтобус перакуліўся пад Оршай](http://www.21.by/pub/news/2018/08/1533201754419494.jpg)
Фота: uvd.vitebsk.gov.by
ДТЗ з міжнародным турыстычным аўтобусам адбылося ў Аршанскім раёне зранку 2 жніўня, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама.
У аўтобусе рэйсам Кіеў-Талін былі 53 чалавекі — грамадзяне Украіны, Малдовы і Расіі. Паводле папярэдняй інфармацыі, кіроўца заснуў за рулём і ў 4.30 каля вёскі Светачэўка ўрэзаўся ў ліхтарны слуп. Ад удару аўтобус перакуліўся ў кювет.
12 чалавек былі дастаўленыя ў лякарню для агляду медыкамі. Восем з іх пасля агляду адпусцілі. Лекары запэўніваюць, што сур'ёзных траўмаў у аварыі не атрымаў ніхто і шпіталізацыя ім не патрэбная.
Астатніх пасажыраў супрацоўнікі міліцыі і МНС даставілі ў гатэль. Бліжэйшым часам у Оршу з Ліды прыбудзе рэзервовы аўтобус, на якім турысты адправяцца далей у суправаджэнні ДАІ.
Пры вывучэнні тахографа выявілася, што перазменка кіроўцаў мусіла адбыцца ў 5.00.