З клопатам аб ураджаі
Першымі жнівеньскімі днямі ў працаўнікоў раслінаводчай галіны шмат клопатаў. Яшчэ ў самым разгары ўборачная кампанія, а хлебаробы ўжо дбаюць пра будучы ўраджай. Неўзабаве пачнецца сяўба азімага рапсу, таму механізатары ўжо рыхтуюць плошчу пад гэтую прыбытковую тэхнічную культуру. Вядзецца ворыва і ў ААТ «Налібакі Агра». Як і ў мінулыя гады, заняты на гэтай тэхналагічнай аперацыі механізатар Сяргей Паляшчук, які працуе на магутным энерганасычаным трактары «Беларус-3022″. Сяргей Барысавіч – вопытны і добрасумленны работнік, шчыруе ў таварыстве больш за дваццаць гадоў. Вясною ён вызначыўся ў раённым спаборніцтве на ворыве глебы і за шчырую працу адзначаны падзячным пісьмом райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункам. Дбайны працаўнік пастаянна задзейнічаны і на нарыхтоўцы кармоў (адвозіць зялёную масу), а таксама на ўнясенні арганічных угнаенняў.
На палях раёна (інфармацыя па стане на 30 ліпеня)
- Збожжавыя і зернебабовыя культуры ў сельгаспрадпрыемствах раёна ўбраны на 7949 гектарах, што складае 36,5 працэнта. Па тэмпах уборкі па-ранейшаму лідзіруюць працаўнікі ААТ «Жацерава», дзе абмалочаны 62 працэнты плошчаў.
- Сярэднераённая ўраджайнасць складае 23,4 цэнтнера збожжа з гектара, а самая высокая ў ААТ «Вялікі Двор» – 46,5 цэнтнера на круг. На другім і трэцім месцах ААТ «Вішнявецкі-агра» і»Агранёманскі» з паказчыкамі 28,9 і 28,5 цэнтнера.
- Намалочана па раёне 18 574 тоны збожжа, больш за іншых у ААТ «Вішнявецкі-агра» – 2775 тон. Перавысілі двухтысячны намалот хлебаробы ААТ «Вялікі Двор».
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара